Байдэн можа зняць сваю кандыдатуру з выбараў, калі на яго націснуць сваякі і сябры. А хто яго можа замяніць?

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн можа прыняць рашэнне аб зняцці сваёй кандыдатуры з выбараў, калі яму гэта параіць сям'я і даўні сябар ды дарадцы Тэд Каўфман, паведаміла выданне Axios.com са спасылкай на свае крыніцы ў Дэмакратычнай партыі.

29.06.2024 / 18:16

Фота: AP Photo/Matt Kelley

«Адзіны спосаб, якім прэзідэнт Байдэн пойдзе ў адстаўку, нягледзячы на сваё фіяска на дэбатах, — гэта калі тая ж самая невялікая група «пажыццёвых лаялістаў», якая дазволіла яму балатавацца, раптам… вырашыць, што яму пара сыходзіць», — піша выданне.

Сярод людзей, здольных паўплываць на Байдэна называюцца ягоная жонка Джыл Байдэн, малодшая сястра Валеры Байдэн і 85-гадовы Тэд Каўфман, даўні сябар і пастаянны дарадца прэзідэнта.

Акрамя таго, у лік самых давераных людзей уваходзіць і «невялікая група дарадцаў Белага дома — адзіныя, хто прымае рашэнні ад Байдэна».

Размовы пра зняцце Джо Байдэна з перадвыбарнай гонкі ўзмацніліся пасля пятнічных дэбатаў з Дональдам Трампам, на якіх дзейны прэзідэнт выглядаў вельмі непераканаўча нават не так з пункту гледжання сваіх аргументаў, як з пункту гледжання здароўя. 

Між тым аўтарытэтнае выданне The Washington Post у сваёй публікацыі назвала 10 кандыдатаў ад дэмакратаў, якія маглі б кінуць выклік Дональду Трампу замест Джо Байдэна. Гэтыя імёны называліся як «альтэрнатыўныя кандыдаты» яшчэ да таго, як Байдэн абвясціў пра намер балатавацца зноў. Пералічваюцца наступныя імёны:

1. Камала Харыс. Першая цемнаскурая жанчына на пасадзе віцэ-прэзідэнта была б падарункам для партыі, якая спрабуе захаваць традыцыйную перавагу сярод цемнаскурых выбаршчыкаў. Але, як вядома, Харыс непапулярная, як і Байдэн, а яе ўласная прэзідэнцкая кампанія ў 2020 годзе прайшла няўдала.

Камала Харыс. Фота: Wikimedia Commons

2. Грэтхен Уітмер. Губернатарка Мічыгана ўзначальвае вельмі важны для дэмакратаў «хісткі» штат на Сярэднім Захадзе. Яна мае высокую падтрымку ў сваім родным штаце (54-61%), вопыт і большую папулярнасць на нацыянальным узроўні, чым многія іншыя губернатары-дэмакраты.

Грэтхен Уітмер. Фота: Wikimedia Commons

3. Піт Бутыджыч. «Калі партыя шукае антытэзу няздольнасці Байдэна данесці меседжы супраць Трампа, то гэта Бутыджыч. Ягоныя сваркі з вядучымі Fox News і рэспубліканцамі на слуханнях у Кангрэсе часта шырока распаўсюджваюцца ў дэмакратычных колах», — гаворыцца ў матэрыяле. Зрэшты, кандыдатура цяперашняга міністра транспарту не карыстаецца папулярнасцю сярод цемнаскурых выбаршчыкаў.

Піт Бутыджыч. Фота: Wikimedia Commons

4. Джошуа Шапіра. Губернатар Пенсільваніі даволі папулярны ў важным для дэмакратаў штаце. Паводле апытання гэтага года, ён падабаецца тром з дзесяці прыхільнікаў Трампа. Але Шапіра ў асноўным разглядаецца як варыянт на 2028 год.

Джошуа Шапіра. Фота: Wikimedia Commons

5. Джарэд Поліс. Губернатар Каларада і былы кангрэсмен валодае тымі ж вартасцямі, што і Шапіра. І ясна выказаў зацікаўленасць у тым, каб аднойчы выйсці на агульнанацыянальны ўзровень.

Джарэд Поліс. Фота: Wikimedia Commons

6. Гэвін Ньюсам. «Цяжка ўявіць, каб партыя вырашыла, быццам губернатар Каліфорніі і былы мэр Сан-Францыска — адпаведная кандыдатура. Рэспубліканцы будуць толькі радыя балатавацца супраць яго, паказваючы на праблемы горада са злачыннасцю», — адзначаецца ў матэрыяле.

Гэвін Ньюсам. Фота: Wikimedia Commons

7. Рафаэль Г. Ворнак. Сенатар ад Джорджыі ўжо двойчы за кароткі час атрымаў перамогу ў ключавым хісткім штаце. Кампанія Ворнака ў 2022 годзе, у прыватнасці, разглядалася як дарожная карта таго, як дэмакраты могуць балатавацца ў 2024-м.

Рафаэль Г. Ворнак. Фота: Wikimedia Commons

8. Мішэль Абама. З'яўляецца самай папулярнай былой першай лэдзі ў Амерыцы і нязменна падабаецца пераважнай большасці амерыканцаў. Але Абама заявіла, што не зацікаўленая ў тым, каб балатавацца. Акрамя таго, яна мае супярэчнасці з камандай Байдэна. Выданне называе вылучэнне Абамы «аварыйным варыянтам».

Мішэль Абама. Фота: Wikimedia Commons

9. Эмі Клабушар. Сенатарка ад Мінесоты мела б усе шанцы, калі б дэмакраты шукалі кандыдата з многімі з тых жа характарыстык, што і ў Байдэна, за выключэннем праблемы ўзросту. Клабучар мае моцны электаральны паслужны спіс у сваім штаце. Але ў яе дагэтуль вельмі абмежаваны агульнанацыянальны профіль.

Эмі Клабушар. Фота: Wikimedia Commons

10. Эндзі Бешыр. Губернатар Кентукі ў 2023 годзе пераабраны на пасаду ў «чырвоным» (рэспубліканскім) штаце. Бешыр падабаецца як рэспубліканцам, так і дэмакратам, аднак незразумела, як ён будзе дзейнічаць з ліберальным базавым электаратам.

Эндзі Бешыр. Фота: Wikimedia Commons

Рэдакцыя New York Times заклікала Байдэна зняць сваю кандыдатуру з выбараў

60% амерыканцаў хочуць замяніць Байдэна ў якасці кандыдата ад дэмакратаў пасля дэбатаў

Амерыканскія дэмакраты абмяркоўваюць замену Байдэна з-за правальных дэбатаў з Трампам

Трамп упэўнена перамог Байдэна на дэбатах

Трамп падчас дэбатаў з Байдэнам назваў непрымальнымі ўмовы Пуціна па спыненні вайны

Падчас дэбатаў з Трампам Байдэн згадаў Беларусь

Nashaniva.com