«Мяне б згвалтавалі, як Лізу?» Трое напалі на беларуску ў Варшаве

«Я спрабую зразумець, чаму ніхто не спыніўся, чаму з дзясятак кіроўцаў аўтамабіляў адводзілі погляд, чаму ніхто мне не дапамог. Мяне б згвалтавалі, як Лізу?» — задаецца пытаннем беларуска Каця, на якую напалі ў мінулую нядзелю ў Варшаве, піша The Warsaw.

30.06.2024 / 11:44

Каця нарадзілася ў Беларусі, мае 29 гадоў, 12 з якіх яна жыве ў Варшаве. Увечары ў нядзелю, 23 чэрвеня, яна ехала па веладарожцы ў раёне Гданьскага ўзбярэжжа, паднімаючыся на круты ўчастак. Здалёк убачыла на вяршыні мужчыну і дзвюх жанчын. Пакуль беларуска набліжалася, кампанія не перамяшчалася ўбок, а, наадварот, пачала займаць усю шырыню дарогі. 

Каці давялося злезці з ровара і прасунуцца паміж людзьмі, што стаялі. Раней яна папрасіла іх пасунуцца і пачула ў адказ: «А што, ты такая тоўстая?» Сеўшы назад на ровар, дзяўчына павярнулася і паказала ім сярэдні палец. 

Мужчына ўскочыў на свой веласіпед, хацеў дагнаць беларуску. Тая адразу спынілася, думаючы, што ёй удасца растлумачыць, што стала прычынай для яе жэсту, але мужчына пачаў крычаць, а Каця, баючыся за сваю бяспеку, стала здымаць яго на тэлефон.

«Ён крычаў, каб я сабе ў п***у засунула гэты тэлефон, — расказвае дзяўчына. — Увесь час я сядзела на ровары. Да мяне падбегла адна з жанчын і пачала выкручваць мне рукі, вырывала тэлефон. Мужчына схапіў мяне ззаду і пачаў душыць, паваліў мяне на зямлю». 

Дзяўчына клікала па дапамогу — побач з дарогай праехала мноства аўтамабіляў, але ніхто не адрэагаваў. Яна ляжала на зямлі, была безабароннай. У выніку, адзін з кіроўцаў спыніўся — жанчына, якая напала, выкінула тэлефон у кусты, і агрэсіўная кампанія ўцякла. 

Каці ў выніку дапамаглі людзі, якія выйшлі з машыны. Быў выкліканы паліцэйскі патруль. Беларуска паехала дадому, а ўвечары пайшла ў пастарунак. На наступны дзень звярнулася ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы. «Маю лёгкую траўму хрыбетніка», — падзялілася пацярпелая. 

Тры дні яна баялася выходзіць з дому. 

У паліцыі пацвердзілі атрыманне заявы ад дзяўчыны, паведамілі, што сабраныя па справе матэрыялы вывучаюцца экспертамі. 

У лютым у цэнтры Варшавы адбыўся жорсткі напад і згвалтаванне беларускі Лізы. Яна памерла ў бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Ніхто з людзей, што праходзілі побач, не дапамог дзяўчыне.

Падазраванаму ў згвалтаванні беларускі Лізы ў цэнтры Варшавы выставяць абвінавачванне ў забойстве

Беларуску згвалтавалі і спрабавалі задушыць у цэнтры Варшавы

Польская паліцыя расказала, як затрымала чалавека, што падазраецца ў згвалтаванні беларускі ў Варшаве

Nashaniva.com