«Вакол было каля 40 дзяцей. Добра, нікога не забіла». У Гомелі на людзей, якія адпачывалі ў парку, упала дрэва

«А 15-й гадзіне нас у скверы ледзь не забіла. Жонка ў бальніцы на абследаванні», — напісаў гомелец.

01.07.2024 / 13:27

Vgomele

Пра жудаснае надзвычайнае здарэнне, якое адбылося на выходных, паведаміў паблік Vgomele. «А 15:00 у скверы мяне з жонкай ледзь не забіла. Відэа прыкладаецца, жонка ў бальніцы на абследаванні. Вакол было каля 40 дзяцей. Добра што не забіла нікога», — так апісаў каналу сітуацыю пацярпелы мужчына.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от НОВОСТИ | СОБЫТИЯ | ОБЗОРЫ | ГОМЕЛЬ (@vgomele)

Паводле яго, старое дрэва расло проста над лавачкай, «прыпаркаванай» каля фантана. «Упала за 20 см ад галавы. Стукнула галінкамі, а не ствалом. Ствол, паводле самых сціплых ацэнак, вагой 70 кг. На гэты момант медыкі сказалі, што дакладна ёсць пералом носа», — дадае мужчына.

Гэтага відэа б не існавала, калі б некалькімі хвілінамі раней мужчына не пачаў здымаць фантан. Вось такое супадзенне.

Onliner.by пагутарыў з пацярпелым. Вось што распавёў Канстанцін.

— Усё адбылося ў скверы Грамыкі, на вуліцы Савецкай, — гэта самы цэнтр. У жонкі зламаны нос і раны. Але страсення няма, бо яе ўдарыла не асноўнай галінкай, а меншымі. Людзей у скверы заўсёды шмат, асабліва дзяцей — як правіла да 10 гадоў. А ў той момант, калі гэта адбылося, дзетак было не менш за 40 чалавек. 

Перад тым, як дрэва павалілася, мы ніякіх гукаў не чулі. Хоць пазней хтосьці казаў, што быў трэск, але ў скверы працуе фантан, з-за яго досыць шумна, плюс дзеці гуляюць.

Само дрэва выглядала вельмі здаровым, з досыць вялікай расліннасцю. Верагодна, калі месяц таму быў ураган, дрэва надламалася, а цяпер ад моцнай спёкі рассохлася і пад уласным цяжарам рухнулая, — мяркуе Канстанцін. 

Гамяльчук таксама распавядае, што хуткая прыехала хутка — выклікалі відавочцы.

«З ЖКГ з намі пакуль ніхто не звязваўся. Міліцыя адфатаграфавала месца, апытала чалавека, які выклікаў іх, апытала мяне як пацярпелага, маю жонку апыталі ў бальніцы», — дадае малады чалавек.

«Будзьце акуратныя і ўважлівыя, жыву ў гэтым раёне, і кожнае лета, вясну ў нас падаюць дрэвы. На мінулым тыдні ўпала на машыну на вуліцы Пушкіна. Таксама ў зацішнае надвор'е», — пракаментаваў адзін з падпісчыкаў.

Nashaniva.com