Беларус заплаціў 80 еўра за хуткі пераход мяжы. Ні грошай, ні хуткага перасячэння

«Чарга была настолькі вялікая, што я перавёў грошы».

02.07.2024 / 09:53

Чарга паміж Брэстам і Тарэспалем. Скрыншот відэа

Мужчына заплаціў 80 еўра за тое, каб праехаць мяжу без чаргі, а ў выніку і грошы страціў, і ў чаргу давялося стаць. Сваю гісторыю ён распавёў у чаце па перасячэнні мяжы, каб папярэдзіць іншых наконт ашуканца, піша «Люстэрка».

На зламысніка наш суайчыннік выйшаў, калі пацікавіўся магчымасцю куплі месца ў чарзе на польска-беларускай мяжы.

«Некалькі чалавек скінулі мне акаўнт аднаго і таго ж чалавека і запэўнілі, што ён дзесьці там працуе, з ім звязацца і ён дапаможа пераехаць», — падзяліўся беларус.

Мужчына напісаў «рашалу» у тэлеграм. Той запэўніў, што «ўсё будзе», але «папрасіў перавесці 80 еўра па безнаяўным разліку».

«Мяне гэта збянтэжыла, але чарга настолькі вялікая, што я перавёў», — распавёў беларус.

Як толькі мужчына скінуў зламысніку пацверджанне пераводу, той перастаў адказваць на яго паведамленні.

«Пішу для таго, каб іншыя на гэтую схему не вяліся», — патлумачыў наш зямляк, выклаўшы скрыншоты перапіскі з ашуканцам.

Па дадзеных Дзяржпагранкамітэта на 8.00 2 ліпеня, выезду з Беларусі ў Польшчу чакаюць 200 легкавікоў і 55 аўтобусаў.

З польскага боку мяжы час праезду ў Беларусь праз пункт пропуску «Тарэспаль» (з беларускага боку «Брэст») складае 13 гадзін для аўто і 4 гадзіны для аўтобусаў, перадае сайт мытнай службы Польшчы.

Nashaniva.com