«Ён быў схуднелы, змарнелы тварам, але ўнутраная моц адчувалася». Былая зняволеная расказала пра сустрэчу з Ціханоўскім

Алеся Буневіч, дырэктарка віленскай крамы А2.print, якая адсядзела ў Беларусі за дапамогу ў эвакуацыі людзей з краіны, расказала, як сустрэла ў гродзенскай турме Сяргея Ціханоўскага.

02.07.2024 / 11:57

Скрыншот з відэа, якое з’явілася ў ліпені 2023 года, каб зняпраўдзіць чуткі пра смерць Ціханоўскага. Крыніца: progomel.by

«Я праходзіла міма яго ў прыбіральню. Мусіла нешта яму сказаць, і не знайшла нічога лепшага, як «Прывітанне ад экстрэмістаў Маладзечна!» Проста дурніца, як можна было такое ляпнуць?! Вяртаюся, і ён запытвае, па якой я справе праходжу. А я яшчэ не адвыкла ад свайго артыкула па тэрарызме, дык і кажу яму, такая дзяўчынка ў акулярчыках і з коскамі — тэрарызм!» — кажа Буневіч.

Паводле яе слоў, Сяргей моцна змяніўся ў зняволенні, яго цяжка пазнаць.

«Ён быў схуднелы, змарнелы тварам, меў зямлісты колер твару. Каб не голас і размова пра грошы за канапай, я б яго, напэўна, не пазнала. Гэта быў дзень яго народзінаў, 18 жніўня, яго этапавалі ў крытую турму ў Жодзіна. Для мяне гэтая сустрэча была класным знакам, што ўсё будзе добра. Сяргей вельмі баявы, хаця і глядзець на яго было балюча, але ўнутраная моц адчувалася ў размове з канваірамі, якую я трохі чула. Ён не апускае рукі», — кажа Алеся.

Сяргей Ціханоўскі ў снежні 2021-га быў асуджаны на 18 гадоў калоніі. Пазней да яго тэрміну дадалі яшчэ паўтара года — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Сям'я не атрымлівае ад яго ніякіх звестак. 

Чытайце артыкул цалкам:

«Кадэбіст у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»

«Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць надоўга. Хай здохне там!» Як тры гады таму затрымалі Ціханоўскага і хто аддаваў загады 

«І ў турме ён змагаецца за свае правы». Нядаўна вызвалены палітвязень расказаў пра Сяргея Ціханоўскага

Nashaniva.com