Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Падрабязнасці
Пасля таго, як Літва з 1 ліпеня змяніла парадак прыёму на працу іншаземцаў, беларусам, якія толькі збіраюцца ехаць працаваць у гэтую краіну, зрабіць гэта будзе значна складаней. Вось чаму.
02.07.2024 / 17:01
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што змянілася
Пачынаючы з 1 ліпеня, за некаторымі выключэннямі, іншаземцы змогуць працаўладкавацца ў Літве толькі пасля атрымання часовага ДНЖ.
Дагэтуль замежнікі з трэціх краін маглі пачаць працаваць без літоўскага ДНЖ. Галоўнае было легальна находзіцца на тэрыторыі краіны. Для гэтага дастаткова было мець візу або ДНЖ іншай краіны ЕС. Прыступіўшы адразу да працы, замежнік паралельна падаваўся на атрыманне ДНЖ на падставе працы.
Замежнікі, якія пачалі працаваць у Літве да ўступлення ў сілу паправак да закона, змогуць працаваць да заканчэння тэрміну легальнага знаходжання або да таго часу, пакуль яны не набудуць права на працу на іншых законных падставах.
То-бок беларусам, якія да 1 ліпеня прыехалі і працаўладкаваліся ў Літве, напрыклад, маючы польскую нацыянальную візу, можна будзе працягваць працаваць далей, пакуль дазваляе тэрмін дзеяння візы. Дэпартамент міграцыі Літвы раіць падаваць заяву на атрыманне ДНЖ мінімум за 4 месяцы ды сканчэння тэрміну дзейных дакументаў.
За гэты час грамадзяніну Беларусі трэба паспець падацца і атрымаць ДНЖ, каб мець магчымасць працягваць працаваць у Літве далей.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Тым жа, хто толькі збіраецца ехаць на заробкі ў Літву, прыступіць да працы адразу, як гэта было раней, не атрымаецца.
Але гэта не азначае, што цяпер шлях у Літву для працоўных мігрантаў закрыты. Проста ён становіцца больш працяглы па часе. Беларусы могуць знайсці ў Літве працу і прыехаць туды, напрыклад, па польскай візе, падаць дакументы на ДНЖ і толькі пасля яго атрымання пачынаць працаваць.
Што па тэрмінах?
Стандартны тэрмін выдачы першага ДНЖ на падставе працы — 3 месяцы. Кошт 160 еўра. Калі рабіць паскорана, то літоўскі ДНЖ можна атрымаць праз 1,5 месяца. Але за паскарэнне давядзецца плаціць у два разы больш, то-бок 320 еўра.
Пры гэтым, далёка не ўсім замежнікам давядзецца праходзіць такі самы шлях, як беларусам.
Рэч у тым, што з 2023 года Літва выдае часовыя ДНЖ праз візавыя цэнтры VFS Global у больш, чым 30 краінах свету. Сярод такіх краін ёсць Арменія, Таджыкістан, Малдова, Узбекістан, але няма Беларусі і Расіі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Беларусы пакуль у лідарах
Верагодна, што праз новыя складанасці папулярнасць літоўскага кірунку для працы сярод беларусаў спадзе. Па выніках першага квартала 2024 года, беларусы займалі першае месца ў Літве сярод новых працоўных мігрантаў — 28% ад агульнай колькасці. Па выніках 2023 года беларусы складалі 58%. На другім месцы сярод працоўных мігрантаў, згодна са свежымі данымі, ідуць грамадзяне Узбекістана — 24%. На трэцім Кыргызстана — 12%.
Усяго, паводле звестак на 1 чэрвеня 2024 года, у Літве працавалі 137 400 грамадзян трэціх краін: 48 600 беларусаў, 44 800 украінцаў, 7400 узбекаў, 5800 кыргызаў і 5200 таджыкаў.