У цягніках Белчыгункі пачалі паказваць беларускае кіно

Пасажыры Беларускай чыгункі змогуць цяпер у цягніках глядзець беларускія фільмы, якія Міністэрства культуры лічыць найлепшымі, піша БелТА. 

02.07.2024 / 17:12

У цягніках міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа, якія звязваюць Мінск з абласнымі гарадамі Беларусі, стала даступная паслуга прагляду фільмаў беларускага кінематографа. Праект прадставіла Міністэрства культуры, сфармаваўшы падборку фільмаў з улікам узроставых катэгорый.

Сцвярджаецца, што аглядзець у цягніку беларусы змогуць як класіку беларускага кіно, так і сучасныя фільмы. Доступ да рэсурсу можна атрымаць, падлучыўшы свой тэлефон, планшэт або ноўтбук да медыясэрвера праз Wi-Fi. Усталёўваць дадатковае праграмнае забеспячэнне на гаджэты не патрабуецца.

На гэты момант даступныя для прагляду 22 самыя папулярныя фільмы з залатога фонду «Беларусьфільма», у тым ліку карціны «Альпійская балада», «Белыя росы», «У жніўні 44-га», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя. У перспектыве колькасць фільмаў плануецца павялічваць.

За 6 месяцаў 2024 года, як сцвярджаецца, медыясэрверам скарысталіся каля 100 тысяч пасажыраў. Інфармацыя пра медыясэрвер размяшчаецца на спінках крэсла ў цягніках, дапамагчы з падключэннем могуць і праваднікі.

Цягнікі віцебскага напрамку спазняюцца ў Мінск на дзве-тры гадзіны з-за непагадзі

Кітай зацягвае пастаўкі новых цягнікоў у Беларусь, бо баіцца трапіць пад санкцыі

Арыштаванага за хабар топ-менеджара Белчыгункі звольнілі па карупцыйным артыкуле

Nashaniva.com