Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ
Міністр транспарту і камунікацыі Аляксей Аўраменка раптоўна памёр 4 ліпеня 2023 года. Ніякіх падрабязнасцяў трагедыі дзяржаўныя СМІ не прыводзілі, толькі сам Аляксандр Лукашэнка назваў чыноўніка не «памерлым», а «загінулым». Інфармаваныя суразмоўцы «Нашай Нівы» расказалі акалічнасці таго, што здарылася летам 2023 года.
06.07.2024 / 17:53
Развітанне з Аляксеем Аўраменкам. Фота БелТА
Як кажуць крыніцы «Нашай Нівы», пры канцы жыцця 46-гадовы Аляксей Аўраменка трапіў у прыцэл органаў дзяржаўнай бяспекі. Сілавікі падазравалі, што міністр датычны да махінацый з паказчыкамі працы ведамства.
«Сам Аўраменка лічыў сябе сумленным чалавекам і з прэтэнзіямі згодны не быў. Я думаю, што ён не вытрымаў ціску і спыніўся на апошнім спосабе захаваць сваё добрае імя і свабоду», — кажа наш суразмоўца.
Знаёмыя сям'і прыводзяць падрабязнасці таго, што адбылося.
«У гаражы Аўраменка выпіў тэхнічнай вадкасці для ахалоджвання рухавіка і страціў прытомнасць. Але яго цела на падлозе вельмі хутка знайшоў адзін з блізкіх. Выклікалі хуткую. Аўраменку завезлі ў бальніцу і адкачалі, часова вярнулі ў прытомнасць. Але ўнутраныя органы ўжо былі незваротна пашкоджаныя. Аўраменка яшчэ паспеў патлумачыць, чаму спрабаваў забіць сябе. Але неўзабаве памёр», — паведаміла «Нашай Ніве» інфармаваная крыніца.
Аляксей Аўраменка быў міністрам з 2019 года, а да таго працаваў на розных пасадах ва ўпраўленні транспарту і сувязі апарату Савета міністраў.
Аляксандр Лукашэнка на цырымонію пахавання свайго міністра не прыехаў.
Аўраменка стаў другім за кароткі час лукашэнкаўскім міністрам, які ўчыніў суіцыд. У 2022 у сваім доме ў Драздах, па інфармацыі «Нашай Нівы», звёў рахункі з жыццём Уладзімір Макей.
А тыдзень таму пайшоў з жыцця пасол у Германіі Дзяніс Сідарэнка. Ён не вытрымаў допытаў у КДБ.
Пасол Сідарэнка пакончыў з сабой, не вытрымаў допытаў КДБ