Радзіна адказала на параду Пазняка не лезці ў палітыку

І выказалася аб магчымасці вызвалення Беларусі войскамі НАТА.

02.07.2024 / 21:00

Зянон Пазняк і Наталля Радзіна. Скрыншоты відэа «Белсата» і «Радыё Свабода»

Некалькі месяцаў таму Зянон Пазняк дастаткова рэзка выказаўся на прапанову галоўнай рэдактаркі сайту «Хартыя 97» Наталлі Радзінай украінскаму боку бамбіць беларускія НПЗ. Тады палітык параіў Радзінай не лезці ў палітыку.

У новым выпуску відэапраекту «Сведкі Лукашэнкі» на «Радыё Свабода» Радзіну папрасілі пракаментаваць гэтыя словы Пазняка. На гэта яна адказала:

«Што мне каментаваць. Чалавеку 80 гадоў. Давай, дарэчы, павіншуем».

Радзіна адзначыла, што не бачыць ніякай дылемы паміж журналістыкай і палітыкай.

«Я працую журналістам, выказваю сваё меркаванне. Маю на гэта права».

Радзіна расказала, што нядаўна вярнулася з Брусэля, дзе расказвала пра сітуацыю палітзняволеных у беларускіх турмах.

«Што гэта — журналістыка ці палітыка? Усё, што я кажу, гэта факты.

Я маю права як грамадзянка Беларусі заклікаць да дзейсных мераў у адносінах да маёй краіны, да дзейнага рэжыму. Таму што трэба спыніць яго, выратаваць людзей. Я лічу, што гэта рабіць — мой грамадзянскі абавязак. Мне ўсё роўна, як вы гэта назавяце — журналістыкай, палітыкай, актывізмам».

Пазней галоўная рэдактарка «Хартыі» заўважыла, што цяпер ніхто не можа назваць сцэнар для вызвалення Беларусі. Пакуль ідзе вайна, то шмат хто гаворыць пра сілавы сцэнар. Але ніхто не можа сказаць, як гэта будзе адбывацца.

«Лукашэнка казаў, што будзе вызваленне Беларусі войскамі НАТА. Можа, ён нешта больш ведае, мае рацыю», — заўважыла Радзіна і дадала, што ва ўмовах вайны ўсё магчыма.

Па словах Радзінай, ёй бы хацелася, каб быў нейкі не сілавы сцэнар. Але невядома, ці атрымаецца гэта зрабіць ва ўмовах вайны.

«Я ведаю адно — Беларусь павінна быць вызвалена і ад рэжыму Лукашэнкі, і ад расійскага ўплыву».

Пазняк — Радзінай: Што вы лезеце ў палітыку?

Радзіна параіла Украіне наносіць удары па вайсковых аб'ектах і НПЗ у Беларусі. Пазняк рэзка адрэагаваў

Пазняк: Беларускім патрыётам трэба ісці ў полк Каліноўскага. Каб мне было не 80, я б таксама пайшоў

Nashaniva.com