Лукашэнка анансаваў вызваленне некалькіх палітвязняў. Каго могуць выпусціць?

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным 3 ліпеня, Лукашэнка нечакана анансаваў вызваленне часткі цяжкахворых палітвязняў — найперш з анкалогіяй. Хто можа апынуцца ў гэтым спісе?

02.07.2024 / 20:55

Ксенія Луцкіна, Рыгор Кастусёў. Фота: сацсеткі, «Наша Ніва»

У каго анкалогія?

Сярод цяжкахворых палітвязняў, напрыклад, былы лідар партыі БНФ 67-гадовы Рыгор Кастусёў, асуджаны па «справе аб змове» на 10 гадоў калоніі. У яго шмат хвароб, ёсць таксама падазрэнне на анкалогію.

Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна, якой прысудзілі 8 гадоў калоніі, мае пухліну ў галаўным мозгу, пакутуе ад невыносных боляў.

Палітвязень Павел Кучынскі з Маладзечна мае першую групу інваліднасці, у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Замест калоніі Паўла Кучынскага накіроўвалі ў рэспубліканскую лякарню для зняволеных у Калядзічах на курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагала, хвароба прагрэсавала. 

Пенсіянерка Галіна Дзербыш, якой далі 20 гадоў па «справе Аўтуховіча», таксама мае анкалагічную хваробу, другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам. 

Рэйкавы партызан Руслан Слуцкі, якога адправілі ў калонію на 11 гадоў, мае пухліну галаўнога мозгу.

У Алы Зуевай (пенсіянерку асудзілі за каментары на 2,5 года калоніі) лейкоз.

Андрэй Войніч (7 гадоў калоніі) мае шмат хвароб: цыроз печані, цукровы дыябет, пухліну над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр, розныя ўскладненні.

Хто яшчэ мае сур'ёзныя праблемы са здароўем?

У пісьменніка Аляксандра Фядуты (яму прысудзілі 10 гадоў) вострая сардэчная недастатковасць, здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі.

Уладзімір Гундар (фігурант «справы Аўтуховіча») мае інваліднасць другой групы, у яго адна нага.

Бубнач гурта Tor Band Яўген Бурло (прысуд — 8 гадоў калоніі) пакутуе на некроз тазасцегнавых суставаў.

Сцяпан Латыпаў захварэў за кратамі на цынгу.

Прафсаюзны актывіст Вацлаў Арэшка не бачыць на адно вока. 

У былога прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча цукроўка, за кратамі пачаліся праблемы з ныркамі.

У Васіля Бераснева (таксама «справа прафсаюзаў») пачаліся праблемы з ныркамі, абвастрыліся хранічныя захворванні.

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова раней называла, што ў гуманітарным спісе ёсць 

32 чалавекі з экстраным медыцынскім запытам, якім тэрмінова неабходна апынуцца на волі і атрымаць якасную дапамогу.

Nashaniva.com