Палітзняволеная рэдактарка канала «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная выйшла на свабоду і з'ехала з Беларусі

Яна правяла за кратамі амаль чатыры гады.

03.07.2024 / 12:08

Палітзняволеная Ірына Шчасная выйшла на свабоду 29 чэрвеня 2024 года. Яна правяла за кратамі амаль чатыры гады.

Цяпер калегі Шчаснай па тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь» паведамілі, што яна выехала з краіны:

«Іра, ты сімвал мужнасці і стойкасці. Мы ганарымся табой і тваім нязломным духам. Твой шлях да свабоды нагадвае нам, што разам мы зможам пераадолець любыя цяжкасці. Беларусь будзе вольнай! Сардэчна запрашаем дадому. Іра, мы з табой!»

***

Ірына Шчасная — актывістка, рэдактарка папулярных тэлеграм-каналаў, сярод якіх «Мая краіна Беларусь».

Ірына была затрымана 18 лістапада 2020 года супрацоўнікамі СК, якія былі пераапранутыя ў форму ЖЭС. Калі маці Ірыны заходзіла ў пад'езд дома, «супрацоўнікі ЖЭС» спыталі ў яе, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Калі маці дзяўчыны адказала, што не жыве тут, людзі зайшлі з ёй у пад'езд і жорстка адштурхнулі сталую жанчыну. У кватэры Ірыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя ноутбук, тэлефон, грошы. Пасля гэтага Ірыну павезлі для допыту ў СК.

Шчасную судзілі па адной крымінальнай справе з Паўлам Севярынцам, Дзмітрыем Казловым, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам.

Nashaniva.com