Мінчук пабіў барменаў у кафэ за тое, што яны не хацелі ўключаць песні для ягонай жонкі

На разгляд у суд накіравалі крымінальную справу супраць 35-гадовага мінчука, якога вінавацяць у злосным хуліганстве.

03.07.2024 / 13:29

Выява мае ілюстратыўны характар.

Мужчына гуляў па горадзе з былой жонкай. Пад раніцу яны зайшлі ў бар на праспекце Пераможцаў у Мінску. Пасля замовы жанчына пачала прасіць дзяўчыну-бармена ўключыць ёй пэўную песню, але тая адмаўляла. 

Пачаўся канфлікт. Кавалер вырашыў абараніць сваю пакрыўджаную спадарожніцу і пайшоў шукаць дырэктара бара. На другім паверсе ён знайшоў другога бармена, які спаў на канапе, і пачаў яго збіваць. Калега пацярпелага паспрабавала адцягнуць агрэсара, але атрымала некалькі ўдараў па галаве.

Скончыць канфлікт дапамаглі іншыя наведнікі, якія выклікалі міліцыю. 

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў, перад пацярпелымі папрасіў прабачэння і выплаціў ім кампенсацыю 600 рублёў.

Мінчуку пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Раней яго ўжо судзілі за падобныя злачынствы.

Nashaniva.com