Беларуска адраджае ткацтва і прадае народныя строі па $1000

Амаль страчанае майстэрства сёння карыстаецца асаблівай папулярнасцю: многія хочуць мець у сваім гардэробе элемент народнага касцюма.

03.07.2024 / 16:17

Наталля Ярмалінская. Фота тут і далей: Павел Русак / Tochka.by

У майстэрні «Ярна» Наталлі Ярмалінскай кожны дзень стукаюць старыя кросны — дагэтуль выдатна працуюць. Сюды прыходзяць беларусы, якія хочуць дакрануцца да забытых сёння традыцый ткацтва і стварыць сваімі рукамі сапраўдны народны строй.

Як людзі далучаюцца да роднай культуры і колькі каштуе такое задавальненне, піша «Точка».

Любоў да ўсяго беларускага

А пачалося ўсё з захаплення этнаграфіяй і песнямі. Яшчэ ў школе Наталля была ўдзельніцай фальклорнага хору, а ў студэнцтве знайшла сяброў у этнаграфічным таварыстве. Спяваць хацелася ў аўтэнтычных беларускіх строях.

Рукадзельнічаць любіла са школы — яшчэ ў тыя часы вышыла сабе першую спадніцу ў народным стылі.

А вырашальнай у лёсе Наталлі стала экспедыцыя 15-гадовай даўніны: кампанія аматараў беларускай культуры і гісторыі адправілася ў Старыя Дарогі — там дагэтуль моцныя традыцыі аўтэнтычнага ткацтва.

«У маёй сяброўкі былі старыя кросны. І мы захацелі навучыцца ткаць. Два дні запраўлялі станок, рабілі праборы. Метадам тыка нешта выткалі. Вядома, ведаў не хапала», — успамінае майстрыха.

Пачынала Наталля з паясоў.

«Гэта свайго роду мікраткацтва — ткацтва без станка, на маленькіх інструментах. Тэхнік мноства, узораў велізарная колькасць — усё асвоіць немагчыма. Заўсёды ёсць куды расці», — паказвае дзясяткі вытканых паясоў Наталля.

Кроснам — больш за 100 гадоў

Ткацкія станкі старыя, многія — пачатку XX стагоддзя.

Адзін прыехаў у Мінск з Гродзеншчыны. Яго Наталля сама адрэстаўравала. Другі станок купілі ў Капыльскім раёне. Яшчэ адзін «дзядок» — з Зэльвенскага раёна. Бабуля хацела «пасекчы на дровы», а ўнук забраў і прывёз ткачыхам. Цяпер кросны адправілі на «заслужаны адпачынак».

Усяго ж у майстэрні шэсць станкоў. Калісьці група энтузіястаў танна выкупіла ў ткацкай фабрыкі, што зачынялася, 18 кроснаў — выратавалі іх. Усе яны яшчэ працуюць і раскіданыя па ўсёй Беларусі.

Самая складаная частка — заправіць станок, разлічыць узоры. Калі ўсё зрабілі правільна, то сам працэс — ужо проста медытацыя.

«Запраўка — гэта будучы малюнак. Тут трэба ўсё загадзя прадумаць. Як вы ўсё запраграмавалі, так усё і пойдзе. Кросны — гэта свайго роду камп'ютар», — кажа Наталля.

Народны строй за $1000

Ужо гадоў 20 ткацтва для Наталлі — асноўная праца. Жанчына стварае народныя касцюмы — з нуля, сама тчэ неабходныя тканіны для незвычайных спадніц, фартухоў і кашуль, усё гэта расшывае ўручную і робіць народны строй такім, якім яго насілі нашы продкі ў канкрэтным раёне.

Заказы ёсць — у Наталлі чарга да канца лета.

«Спачатку асноўнымі кліентамі былі людзі, якія займаліся самымі рознымі гістарычнымі рэканструкцыямі, этнографы. Цяпер заказчыкі — звычайныя беларусы, якія лічаць важным мець у гардэробе такі народны касцюм ці хаця б вышытую кашулю, андарак… Для іх гэта маркеры ідэнтычнасці», — распавядае майстрыха.

Хтосьці прыходзіць да свайго нацыянальнага касцюма праз народныя танцы, песні. Цяпер, адзначае майстрыха, усё, што звязана з нацыянальнай культурай, на ўздыме і карыстаецца попытам у людзей.

Пад ключ можна замовіць цэлы строй. Выніковая цана заўсёды індывідуальная і залежыць ад таго, якія элементы будуць у касцюме, колькі вышыўкі, які матэрыял.

У сярэднім поўны беларускі народны строй абыйдзецца прыкладна ў $1000.

View this post on Instagram

A post shared by Natallia Yarmalinskaya (@yarnahandicraft)

«На такую працу сыходзіць некалькі месяцаў. Вывучаецца інфармацыя, які быў строй у канкрэтным рэгіёне, калі для чалавека прынцыпова зрабіць усё максімальна аўтэнтычным і прывязаным да мясцовасці. Збіраеш вобраз па кавалачках, таму што не ўсюды ўсё захавалася», — кажа суразмоўца.

Можна замовіць асобныя элементы. Напрыклад, адрэз тканіны пад спадніцу-андарак. Яго выткуць у дакладнасці такім, як гэта было прынята на вашай малой радзіме. Цана пытання — у сярэднім $180.

Дарагое задавальненне

Занятак ткацтвам — задавальненне не з танных. Гэта велізарная абсталяванне, якое цяпер рэдка дзе знойдзеш. Плюс шмат расходнікаў для кожнага са станкоў. Сноўніца — каб наснаваць мноства нітак аднолькавай даўжыні. Чоўны — каб ткаць. Бёрда — аснастка з зуб'ямі, якая размяркоўвае і «прыбівае» ніткі…

Усё гэта даводзіцца заказваць па вельмі вялікай цане. Так, новыя маленькія кросны, якія робіць на заказ майстар з Гродна, абышліся ў $700.

Бёрды прыехалі аж з Башкартастана — па $100 за штуку, а такіх трэба шмат.

Нітачка з мінулага

Раней нашы прабабулі абшывалі сябе самі. Нейкае палатно, ваўняную тканіну стварыць — гэта ўмеў кожны. А вось ужо складаныя ўзорыстыя тканіны-посцілкі, абрусы — ткалі толькі адзінкі.

Прасці і ткаць пачыналі толькі зімой, звычайна пасля Пакроваў, калі скончаны ўсе справы ў полі. Лёнам і поўсцю кожны звычайна забяспечваў сябе сам.

«Я стаўлю эксперымент і вырошчваю лён сама. І не ўяўляю, як яго апрацоўвалі ўручную, калі, скажам, быў цэлы гектар. Трэба правільна вычасаць, раскласці па розных відах — што на мяшкі грубейшае, што на палатно. І толькі ў самы апошні вычас, калі засталося 10% гэтага лёну, атрымлівалася самае каштоўнае — кудзеля. З яе ткалі самае добрае палатно», — кажа Наталля.

Пралі да Каляд. Потым два тыдні перапынак — нельга. Да вясны ўжо даставалі кросны і ткалі, пакуль не пачнуцца работы ў палях.

«Ткацтва — вялікая праца. Гэта вельмі складаная справа, тут трэба шмат думаць і аналізаваць, лічыць схему і ніткі — не ўсе адразу разумеюць. У экспедыцыях мы дзівіліся, якімі нашы бабулі былі разумнымі. Але часам усё было значна прасцей: два-тры дызайны на ўсю вёску, таму што адна майстрыха ўмела заправіць два-тры ўзоры, да яе хадзілі і заказвалі ўсе астатнія. Альбо клікалі запраўляць станок. Маглі запраўляць адны кросны шматметровай асновай і ткалі па чарзе», — тлумачыць майстрыха.

Можна на ткацкім станку і «маляваць»: тэхніка «перабіранкі» не самая складаная, была шырока распаўсюджаная ў XX стагоддзі. Яна дазваляе выткаць любы ўзор. А вось белы ручнік з чырвоным арнаментам — паскладаней. Каб выткаць узорысты ў гэтай тэхніцы спатрэбіцца не адзін дзень. Узор набіраецца ўручную, прамысловым спосабам такое не зрабіць.

«Тыя, хто быў пісьменны, рабіў схемы. А запісвалі іх па-рознаму: малюнкам, літарамі, тэкстам… У адной з экспедыцый я знайшла нават схему з адзінак і нулікаў — ёсць нітка, няма ніткі. А гэта ўжо бінарны код! І цяпер мы вывучаем тое, што засталося ад нашых бабуль, шукаем забытыя ўзоры па розных вёсках», — кажа Наталля.

І дадае: радуе, што ўсё больш людзей цікавіцца роднай культурай і гісторыяй.

Nashaniva.com