Ва Украіне вынеслі завочны прысуд ураджэнцу Беларусі, які камандуе Чарнаморскім флотам Расеі

Аляксандр Вітко нарадзіўся ў Віцебску, яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Воршы. Крымінальную справу супраць яго завялі ў 2014 годзе, піша «Свабода». 

03.07.2024 / 20:17

 Адмірал Аляксандр Вітко

Кіеўскі апэляцыйны суд пацьвердзіў вырак, вынесены завочна камандуючаму Чарнаморскім флётам Расеі Аляксандру Вітко аб пазбаўленьні волі на 15 гадоў за ваенную акупацыю Крыму.

Апэляцыю на вырак, вынесены ў траўні 2023 году, падаў адвакат Аляксандра Вітко. Тэрмін адбываньня пакараньня пачне адлічвацца з дня ягонага затрыманьня.

Камандуючага Чарнаморскім флётам (ЧФ) Расеі, які нарадзіўся ў 1961 годзе ў Віцебску, абвінавачвалі паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Канчатковае пакараньне прызначылі паводле сукупнасьці злачынстваў шляхам паглынаньня менш строгага больш строгім пакараньнем.

Згодна з выракам, Аляксандар Вітко цягам лютага-сакавіка 2014 году «сплянаваў, падрыхтаваў і арганізаваў разьмеркаваньне вайсковых падразьдзелаў Расеі, якія ажыцьцявілі ўварваньне на тэрыторыю Крыму, і забясьпечыў маскаваньне вайскоўцаў ЧФ Расеі для вядзеньня агрэсіўнай вайны супраць Украіны».

Апроч таго, яго абвінавачвалі ў плянаваньні і вызначэньні аб’ектаў, якія спачатку заблякавалі, а потым захапілі.

«Такім чынам, ён учыніў у папярэдняй змове з групай асобаў у плянаваньні і падрыхтоўцы агрэсіі супраць Украіны, чым забясьпечыў вайсковую акупацыю Крыму, што прывяло да цяжкіх наступстваў у выглядзе парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і нанясеньня шкоды ў выглядзе страты аб’екту дзяржаўнай уласнасьці на суму больш за 1 080 352 мільёны грыўняў», — адзначаецца ў рашэньні суда.

Гэтую суму, якая эквівалентная больш як 27 мільярдам даляраў, суд пастанавіў спагнаць з камандуючага Чарнаморскім флётам Расеі.

У той жа час апэляцыйны суд прызнаў Аляксандра Вітка «невінаватым у выстаўленым яму абвінавачаньні паводле ч.1 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (эпізод падрыўной дзейнасьці) і апраўдаў у сувязі зь недаказанасьцю гэтага крымінальнага правапарушэньня».

Аляксандар Вітко нарадзіўся ў Віцебску, яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Воршы. Крымінальную справу супраць яго завялі ў 2014 годзе.

Nashaniva.com