Мінскі метрапалітэн адказаў, чаму не зрабіў бясплатны праезд у юбілей. Сказалі, што праезд і так танны

Мінчукі прапаноўвалі зрабіць бясплатным дзень 40-годдзя падземкі.

04.07.2024 / 12:26

Мінскае метро адзначыла 40-годдзе 29 чэрвеня. Незадоўга да гэтай знакавай даты ў сетцы з'явілася петыцыя з просьбай зрабіць у праезд у юбілейны дзень бясплатным.

У звароце гаварылася, што паслугамі метро кожны дзень карыстаюцца тысячы жыхароў і гасцей нашай Мінска, а сам метрапалітэн з'яўляецца адным з самых зручных відаў пасажырскага транспарту.

«Менавіта таму, на падставе вышэйпададзенага, мы, ніжэйпадпісаныя кліенты Мінскага метрапалітэна, а таксама жыхары і госці горада Мінска просім прапрацаваць і ажыццявіць бясплатны праезд у Мінскім метрапалітэне 29 чэрвеня 2024 года для ўсіх наведвальнікаў, у гонар 40-гадовага юбілею мінскага метро», — адзначалася ў петыцыі.

Афіцыйны адказ на зварот выйшаў за подпісам намесніка дырэктара па эксплуатацыі Вадзіма Палішчука. У дакуменце адзначаецца, што скасаванне платы за праезд — гэта сацыяльная льгота, якая рэгулюецца прававымі актамі. Акрамя таго, Палішчук заявіў, што праезд у метро і так каштуе танна.

«Тарыфы на гарадскія перавозкі пасажыраў сацыяльна арыентаваныя, іх узровень значна ніжэйшы за сабекошт. Прапанову аб увядзенні бясплатнага праезду для пасажыраў 29.06.2024 лічым немэтазгодным», — гаварылася ў адказе метрапалітэна.

Nashaniva.com