На беларуса ў Смаленску завялі шэсць крымінальных спраў

Смаленская мытня адкрыла шэсць крымінальных спраў за прадстаўленне ў падатковыя органы дадзеных падстаўных асоб, што пацягнула ўнясенне звестак у Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб, паведамляе прэс-служба ведамства.

04.07.2024 / 15:36

Фота: smolenskcci.ru

Чацвёра жыхароў Смаленска ва ўзросце да 30 гадоў прадставілі персанальныя звесткі і далі згоду стаць намінальнымі дырэктарамі шасці кампаній за грашовую ўзнагароду ад 10 да 15 тысяч расійскіх рублёў (100 — 150 даляраў). Як высветлілі расійскія мытнікі, пошукам падстаўных асоб і іх суправаджэннем для рэгістрацыі ў падатковых органах займаліся грамадзянін Беларусі і група неўстаноўленых асоб.

Звычайна такія фірмы ствараюцца для здзяйснення такіх злачынстваў, як ухіленне ад выплаты падаткаў і мытных плацяжоў, парушэнне валютнага заканадаўства, розныя віды кантрабанды і махлярства, тлумачыць начальнік Смаленскай мытні Рустам Якубаў.

У дачыненні да грамадзяніна Беларусі і групы неўстаноўленых асоб, якія ўдзельнічалі ў незаконным стварэнні юрыдычных асоб, адкрытыя шэсць крымінальных спраў.

Расійскія мытнікі перасцерагаюць ад перадачы персанальных даных староннім асобам, бо гэта можа мець негатыўныя наступствы, такія як адкрыццё крымінальнай справы.

Nashaniva.com