Сёння каля гомельскага СІЗА №3 сабралася неверагодна вялікая чарга

Апошнія паўгода чаргу на перадачу рэжымнай пасылкі альбо на кароткатэрміновае спатканне ў СІЗА-3 сваякі падследных займаюць з ночы.

04.07.2024 / 15:45

Некаторыя з іх нават начуюць у машынах каля ўваходу ў ізалятар з вечара папярэдняга дня. Але сёння, як кажуць відавочцы, колькасць людзей проста зашкальвае, піша Mayday.team.

Грамадзян без перадач, якія прыехалі толькі ўдакладніць дзе знаходзіцца іх сваяк, перасталі пускаць унутр, іншыя чакаюць. Неаднаразова на працягу дня сітуацыя напальвалася літаральна да фізічнага супрацьстаяння.

Адміністрацыя СІЗА ў супрацьстаянне не ўмешваецца. Сітуацыя можа сведчыць аб перапоўненасці гэтай папраўчай установы. Перадаць пасылку на працягу дня змогуць не ўсе, зазначаюць праваабаронцы.

Nashaniva.com