Глытаць зонд больш не прыйдзецца. Таблетка-робат для гастраскапіі

Інавацыйную тэхналогію ўжо пачалі выпрабоўваць на людзях.

06.07.2024 / 19:44

Сузаснавальнік кампаніі Endiatx Алекс Любке прэзентуе рабатызаваную таблетку PillBot. Фота: Endiatx / New Atlas

Амерыканская кампанія Endiatx распачала клінічныя выпрабаванні свайго інавацыйнага мікраробата PillBot, які цалкам замяняе стандартную працэдуру гастраскапіі з глытаннем зонда, паведамляе партал New Atlas.

«PillBot мае форму звычайнай таблеткі і пры прыёме ўсярэдзіну дазваляе лекару дыстанцыйна пры дапамозе звычайнага смартфона даследаваць страўнікава-кішачны тракт пацыента без усялякай анестэзіі. 

Пацыенту не прыйдзецца глытаць зонд, сутыкаючыся з болем, дыскамфортам і рызыкай траўмавання ўнутраных органаў», — заявілі прадстаўнікі кампаніі Endiatx падчас дэманстрацыі магчымасцяў прадукту.

У кампаніі дадалі, што PillBot дазволіць праводзіць працэдуру гастраскапіі як у кабінеце ў лекара, так і ў камфортных хатніх умовах без неабходнасці наведваць бальніцу. 

У будучыні кампанія плануе пашырыць функцыянальнасць мікраробата, дадаўшы яму магчымасць спыняць унутраныя крывацёкі, збіраць узоры тканін і клетак, выдаляць паліпы і іншыя лакальныя нарасты.

Апроч іншага, Endiatx імкнецца стварыць мноства медыцынскіх мікраробатаў памерам з рысавае зярнятка, якія на рэгулярнай аснове будуць маніторыць стан чалавека і своечасова выконваць складаныя аперацыі, пакуль пацыент займаецца штодзённымі справамі, падкрэслілі ў кампаніі.

Папулярныя прэпараты Ozempic і Wegovy справакавалі зусім нечаканы эфект у жанчын

Прэпарат ад старэння быў упершыню пратэставаны на людзях. Паспяхова

З 2025 года беларусам з дыябетам будуць выдаваць інсулін у шпрыц-асадках бясплатна

Nashaniva.com