Журналістка БТ абурылася навіной пра сябе: Гэта была мая першая самастойная паездка ў Еўропу

22-гадовая Паліна Калачык вядзе тыкток БТ. «Наша Ніва» нядаўна пісала пра яе. Дзяўчыне не спадабалася ўвага да яе замежных паездак.

04.07.2024 / 17:47

Паліна Калачык у Барселоне. Фота з яе інстаграма

«Нядаўна з'ездзіла ў Іспанію і Італію — і з гэтага апазіцыйныя сайты зрабілі «навіну». Гэта была мая першая, па сутнасці, дарослая самастойная паездка ў Еўропу, да гэтага была там у 2018 годзе па адукацыйнай праграме. Але інфармацыю вырвалі з кантэксту, дадумалі, прыдумалі… Ну што ж, гэта праца нашых нядобразычліўцаў, хай пішуць. Хоць адразу, вядома, было непрыемна», — абурылася Паліна ў інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня».

Дзяўчына адзначыла, што пакуль не настолькі медыйная асоба, каб яе пазнавалі на вуліцах. Хоць хлопцы з ваенна‑патрыятычных клубаў, якія заходзілі ў рэдакцыю, яе пазналі.

У тыктоку БТ Паліна робіць часцей забаўляльныя ролікі. Але расказвала таксама пра нарады ў Лукашэнкі і Усебеларускі народны сход. Лукашэнку яна ў сваіх роліках называе «бацькам».

«Бацька мае рацыю!» Што за дзяўчына вядзе тыкток БТ?

Nashaniva.com