Каб уратавацца ад мядзведзя, беларусу прыйшлося прасядзець на дрэве тры з паловай гадзіны

У тыктоку завірусіўся ролік, як мужчына пад Смаргонню ратуецца ад мядзведзя. Аўтар відэароліка распавёў, чым скончылася гісторыя і хто яго выратаваў у той дзень, піша Telegraf.news.

05.07.2024 / 08:28

У чэрвені карыстальнікаў тыктоку перапалохала відэа, на якім грыбнік ратаваўся ад мядзведзя пад Смаргонню. У раёне вёскі Старая Рудня малады чалавек у страху залез на дрэва і не на жарт баяўся за сваё жыццё. 

Адны карыстальнікі палічылі відэаролік пастаноўкай, бо самога мядзведзя не было відаць. Іншыя не на жарт занепакоіліся за жыццё беларуса, які пасля публікацыі відэа не адказваў на каментары і не публікаваў новых ролікаў. Праз нейкі час грыбнік, нарэшце, аб'явіўся і распавёў, як далей развіваліся падзеі ў той дзень.

«Выжыў я, усё нармальна. Прыехалі і выратавалі мяне. Паспеў дзядзьку скінуць геалакацыю, заставалася 4 адсоткі зарадкі на батарэі», — распавёў беларус.

@francuzbelarus Ответ пользователю @dash_751 ♬ оригинальный звук - francuz

Паводле яго слоў, у чаканні выратавання на дрэве прыйшлося правесці каля трох з паловай гадзін. Пасля чаго яго прыехалі ратаваць «з віламі» бацька, дзядзька і яшчэ некалькі прыяцеляў. Яны і дапамаглі грыбніку злезці з дрэва. Вяртаўся дадому аўтар відэа басанож, бо кідаў у мядзведзя свой абутак. 

Цяпер беларус праводзіць шмат часу на сваім лецішчы, якое акружае лес. Па яго прызнанні, у грыбы ў адзіночку ён цяпер не ходзіць. А шум і гукі вакол цяпер «трошачкі выклікаюць страх».

Карыстальнікі сацсеткі ўразіліся прыгодай грыбніка і выказалі мноства боязі на кошт павелічэння прысутнасці мядзведзяў у розных рэгіёнах Беларусі.

«Мядзведзяў у лясах поўна. У Віцебскай вобласці асабліва шмат. У лес ісці страшна», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Шчасце, што мядзведзь лянівы быў. Не палез на дрэва, а можа нядаўна манікюр рабіў», — парадаваўся за аўтара і пажартаваў хтосьці.

«Збіралася ў выходныя ў чарніцы з суседкай … але не. Не хачу ўжо чарніцаў», — выказалася яшчэ адна карыстальніца, на што аўтар відэа адказаў:

«Ну яны ж не паўсюль. Зусім маленькая верагоднасць, што вы мішку сустрэнеце. Ідзіце смела, але пачытайце як паводзіць сябе пры сустрэчы з мядзведзем на ўсялякі выпадак».

Мядзведзі атакуюць вёскі ў Барысаўскім раёне

«Мядзведзь асабіста збіраў?» У Беларусі знайшлі маліну па шалёнай цане

Цікаўны мядзведзь «патруляваў» мяжу Літвы з Беларуссю ВІДЭА

Nashaniva.com