Сярод расіян зафіксавалі рост колькасці прыхільнікаў мірных перамоваў з Украінай

За працяг вайны часцей за ўсё выступалі рэспандэнты з Масквы.

05.07.2024 / 11:16

Evgeniy Maloletka / AP

Падчас апытання, праведзенага даследчай арганізацыяй у канцы чэрвеня, у падтрымку мірных перамоваў выказаліся 58% рэспандэнтаў. Гэта максімальны паказчык за час даследавання, адзначылі ў «Левада-цэнтры», піша «Медуза».

Папярэднія пікі прыпадалі на кастрычнік 2022 года і лістапад 2023 года — па 57%. Пры гэтым 37% апытаных лічаць, што трэба працягваць вайсковыя дзеянні.

Меркаванне аб неабходнасці пераходу да мірных перамоваў часцей за астатніх дэкларуюць жанчыны (64%), маладыя расіяне (66% ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў), тыя, каму ледзь хапае на ежу (64%) і жыхары вёсак (65%).

Аб тым, што ўварванне ва Украіну трэба працягваць, часцей за ўсё казалі мужчыны (47%), рэспандэнты ва ўзросце 55 гадоў і старэйшыя (40%), больш забяспечаныя расіяне (40% сярод тых, хто можа дазволіць сабе тавары працяглага карыстання) і жыхары Масквы (56%).

Nashaniva.com