Рэжысёра Руслана Зголіча адправілі на прымусовае лячэнне за абразу Лукашэнкі

57-гадовага рэжысёра прызналі палітвязнем.

05.07.2024 / 12:31

Руслан Зголіч

Імя 57-гадовага рэжысёра Руслана Зголіча з’явілася ў абноўленым спісе палітвязняў, апублікаваным «Вясной». Як выявілася, яго асудзілі па двух палітычных артыкулах. Зголічу інкрымінавалі абразу Лукашэнкі, а таксама абразу прадстаўніка ўлады.

Тым не менш яго адправілі не ў калонію, а на прымусовае лячэнне.

Гэта не першы крымінальны пераслед у біяграфіі Зголіча. У 2000-я ў яго быў канфлікт з кіраўніцтвам «Беларусьфільма». Зголіча адхілілі ад працы з фільмам «Госці», каб дазняць стужку з іншым рэжысёрам. Тады ён скраў працоўны матэрыял з намерам самому дарабіць фільм. За гэта супраць яго завялі крымінальную справу за крадзеж у асабліва буйным памеры.

Зголіч адседзеў год у СІЗА і па рашэнні суда быў накіраваны ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя. Пасля лячэння ён выйшаў на свабоду.

Nashaniva.com