Спецпрадстаўнік Пуціна назваў беларускае віно шмурдзяком і абурыўся яго пастаўкамі ў Расію

Ён не бачыць у гэтым эканамічнага сэнсу.

05.07.2024 / 15:17

Барыс Цітоў. Фота: КП

Спецпрадстаўнік Уладзіміра Пуціна па сувязях з міжнароднымі арганізацыямі Барыс Цітоў раскрытыкаваў дазвол на ўвоз у Расію алкаголю вытворчасці Мінскага завода вінаградных вінаў.

Цітоў, які ўзначальвае вінны дом «Абрау-Дзюрсо», выказаў меркаванне, што беларускае віно вырабляецца з балку, то-бок недарагога вінаматэрыялу, піша РБК.

Пры гэтым расійскім вытворцам такі прадукт называць віном нельга, а на беларусаў забарона не распаўсюджваецца.

«Будучы ўвоз у Расію прадукцыі Мінскага завода вінаградных вінаў — не што іншае, як аднаўленне канала збыту на айчынным рынку прадукцыі з імпартнага балку. Таго самага вінаматэрыялу, які ва ўжытку атрымаў мянушку «шмурдзяк», — заявіў Цітоў.

Прадпрымальнік не бачыць эканамічнага сэнсу ў тым, каб напаўняць расійскі рынак беларускім віном.

@nashaniva Віно беларускага разліву — шмурдзяк? Разбіраемся! #нашаніва #политика #минсксейчас #беларусьновости #новостибеларуси #беларусь ♬ Comedy Scenes - Comical, stupid, odd, lovely (Drumless)(1441321) - Ponetto

«Наогул кажучы, трэба глядзець не на тое, якія дэкларацыі на імпарт выдадзены, а на тое, якая прадукцыя і па якіх цэнах будзе пастаўляцца. Калі раптам выявіцца, што рынак перапаўняецца напоямі з Мінска, якія адносяцца да ніжняй коштавай катэгорыі, то само сабой паўстане пытанне — а ў чым тады падтрымка айчыннага вытворцы? Чаму тое, што цяпер забаронена сваім, дазваляецца суседзям? У чым эканамічны сэнс?»— задаўся пытаннем Цітоў.

Некалькім расійскім кампаніям раней дазволілі імпартаваць у Расію некаторыя віны беларускай вытворчасці з назвамі, падобнымі на еўрапейскія.

Nashaniva.com