«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

Індывідуальныя прадпрымальнікі ноччу дзяжураць пад падатковымі. Праблема ўзнікла праз змены ў Падатковым кодэксе.

05.07.2024 / 16:02

Скрыншоты відэа

З 1 ліпеня 2024 года ўсе падатковыя дэкларацыі прымаюцца толькі ў электронным выглядзе: для ІП абавязковым стала падключыцца да сістэмы электроннага дэкларавання і атрымаць электронны ключ. Раней іпэшнікі маглі рабіць гэта па жаданні (але шмат каму прыходзілася падключацца да сістэмы добраахвотна-прымусова, бо на гэтым настойвалі падатковыя інспектары).

Пра складаную сітуацыю ў тыктоку распавяла абураная блогерка пад нікам MamaClub.by.

— Начныя дзяжурствы ў падатковай. Людзі, я вярнулася, здаецца, у Савецкі Саюз. Сёння раніцай я запісалася ў чаргу — гэта ў час электронных чэргаў. Чаму я раніцай не магу прыйсці, узяць талончык і прайсці?

Жанчына растлумачыла, што людзі, якія стаяць у чарзе пад падатковай, пачалі весці свой спіс — туды яна запісалася. У 18.00 ёй прыйшлося зноў прыехаць на месца і чакаць 37 хвілін толькі дзеля таго, каб яе адзначылі ў гэтым спісе (бо інакш яна б згубіла месца ў чарзе).

@mamaclub.by Списки очереди как в 90-х, люди дежурят ночью у налоговых Беларуси дабы сохранить свою очередь. И это чтобы получить услугу за которую они заплатили большие деньги Средства Мамской Информации Беларуси #этобеларусьдетка #мывбеларуси #беларусыпоймут #беларусы #ипбеларусь #беларусьсегодня #электронныйключрб #электронныйключбеларусь #беларусь2024 #налогибеларусь2024 #новостибеларуси ♬ оригинальный звук - MamaClub.by

— За цэлы дзень падатковая прыняла ўсяго дваццаць чалавек, каб даць электронны ключ. Дваццаць! Людзі, у вас чэргі, а вы прымаеце дваццаць у дзень?! Дык вось, першыя дваццаць чалавек у спісе, якія пойдуць заўтра, будуць усю ноч дзяжурыць. Таму што ствараюцца нейкія левыя спісы.

Блогерка падкрэсліла, што ранкам яе нумар у чарзе быў 120. Калі ўсё будзе добра, яна падасць дакументы на атрыманне электроннага ключа толькі праз тыдзень — у наступную пятніцу.

— Гэта калі не ўзнікнуць яшчэ нейкія дадатковыя спісы, калі яшчэ нешта не зменіцца за гэтыя пяць працоўных дзён. Гэта значыць, я кожны дзень буду ездзіць у падатковую, потым начное дзяжурства стаяць тут, замест таго, каб спаць. Вы чаго, людзі?! Я заплаціла яшчэ 170 рублёў за гэты кашмар! Я ўвогуле не разумею, што адбываецца. Проста трэш.

За 16 гадзін ролік у тыктоку набраў 110 тысяч праглядаў. У каментарыях аўтарцы раяць пашукаць варыянты падаць дакументы не ў Мінску, а недзе ў іншым горадзе, дзе чэргі менш.

Падатковая змяніла ўмовы праверкі фізасоб — вось як

Падатковая апублікавала поўны спіс аўто, за якія прыйдзецца плаціць падаткі ў дзесяціразовым памеры

ІП цяпер змогуць падаваць дэкларацыі толькі ў электронным выглядзе

Падатковая паклала вока на чаявыя, якія кліенты пакідаюць у кавярнях

Nashaniva.com