Мільён праглядаў у інстаграме: крама адзення ў Буда-Кашалёве стала шалёна папулярнай дзякуючы суроваму мужыку ў рэкламе

Колькі б ні казалі сусветныя брэнды аб неабходнасці выкарыстоўваць у рэкламе рэальных людзей замест прафесійных мадэляў, ім усё роўна не пераплюнуць краму адзення і абутку ў Буда-Кашалёве. Бліжэйшым да патэнцыяльных кліентаў яшчэ ніхто ў свеце не быў.

07.07.2024 / 07:00

Называецца крама ў сацыяльных сетках Modern Clothing Shop — усё ў найлепшых традыцыях нэймінгу беларускіх невялікіх гарадоў. Але на шыльдзе напісана сціплае «Мадэрн». У інстаграме рылзы крамы набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў. А самае віруснае відэа — больш за мільён. Сакрэт шалёнай папулярнасці — суворы мужчына ў гадах і смешныя каментарыі.

Можаце не сумнявацца: тут вам прапануюць вобраз на любы выпадак. Вось, напрыклад, што раяць набыць крыптавалютчыкам.

— Сапраўдны крыптаэнтузіяст носіць світшот турэцкага вытворцы, падоўжаныя шорты з накладнымі кішэнямі. На нагах у крыптамэна аэрфорс, шкарпэткі з трыма палоскамі. Карыстаецца туалетнай вадой «Біткойн». І гэта дасць прырост 10 іксоў.

View this post on Instagram

A post shared by Магазин одежды и обуви (@modern.shop.bk)

Ёсць у арсенале крамы і «вобраз для бывалага жаніха, які дакладна ведае, што трэба жанчынам». Жаночы голас па-за кадрам абяцае, што любая нявеста скажа жаніху «Так», нават калі для яго гэта не першы шлюб.

Хочаце змяніць сферу дзейнасці і пачаць працаваць таролагам? І для гэтага ўжо прадугледжаны лук:

— Таямнічасці вобразу дадасць знак ваўка на рамяні. Ён дакладна прыцягне новых кліентаў і пракладзе вам шлях на «Бітву экстрасэнсаў». У такім вобразе вы будзеце выглядаць па-сапраўднаму загадкавым, асабліва калі вас папросяць зрабіць натальную карту, матрыцу лёсу або расклад на каханне.

View this post on Instagram

A post shared by Магазин одежды и обуви (@modern.shop.bk)

У краме ведаюць пра ўсе моладзевыя трэнды. Супрацоўнікі Modern Clothing Shop паклапаціліся нават пра стыль тых, хто любіць тапаць хамяка.

— Зараз тыкаць хамяка можна не толькі хутка, але і стылёва. Перад вамі вобраз сапраўднага хамстэрфана. Прафесійны паляўнічы на манеты носіць баваўняную аверсайз футболку і худзі з птушкай. Напружана націскае на экран у лёгкіх карго штанах без кішэняў.

View this post on Instagram

A post shared by Магазин одежды и обуви (@modern.shop.bk)

Мужчыну-мадэль завуць Мікалай Марза. Здаецца, раптоўная папулярнасць яго не бянтэжыць. Мужчына не без іроніі адказвае на каментарыі тых, хто спрабуе жартаваць з яго вобразаў.

Падпісчыкі цэняць парады экспертаў крамы і нават самі просяць дапамагчы прыдумаць вобраз, напрыклад, для паездкі на шашлыкі. Дарэчы, дзякуючы вірусным відэа, у Modern Clothing Shop пачалі прыязджаць блогеры з іншых гарадоў. Кажуць, сапраўды ўсё «спэшл фо ю» — яшчэ і за смешныя грошы.

«Цікава, што з’явілася раней: адыдас ці лідскія кеды»: у тыктоку новая хваля любові да айчыннага абутку

Беларуска адраджае ткацтва і прадае народныя строі па $1000

Як камбінаваць рэчы з нацыянальнымі матывамі з сучаснымі? Ідэі ад модных беларусак і беларусаў

Nashaniva.com