Мінчукі купілі дыпломы БНТУ. Усё раскрылася праз 5 гадоў — да іх па іншай справе прыйшлі сілавікі

Дыпломы здаліся ім падазронымі.

08.07.2024 / 13:19

Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз

49-гадовага мінчука затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Падчас ператрусу ў яго дома сілавікі знайшлі дыплом БНТУ, які здаўся ім падазроным.

Мужчына адпірацца не стаў. Ён распавёў, што працаваў тэхнікам па рамонце і абслугоўванні ў адной з арганізацый Мінска. Для павышэння паўстала неабходнасць атрымаць вышэйшую адукацыю.

Па шэрагу прычын паступаць у ВНУ мужчына не стаў. З калегам па цэху яны вырашылі пайсці па больш хуткім шляху — замовілі дыпломы ў інтэрнэце. У аддзеле кадраў нічога не западозрылі — мужчыны атрымалі павышэнне і прапрацавалі пяць гадоў. Пакуль да аднаго з іх не прыйшлі сілавікі.

Экспертыза дыпломаў пацвердзіла, што бланкі дыпломаў выраблены не прадпрыемствам, якія ажыццяўляюць вытворчасць такой прадукцыі. Вадзяныя знакі, ахоўныя валокны, элемент юніграма і ўльтрафіялетавая абарона імітаваныя малюнкамі, выкананымі спосабам плоскага афсетнага друку, а таксама з дапамогай нанясення на паверхню фарбавальных рэчываў.

Цяпер у дачыненні да мінчукоў праводзіцца праверка.

Nashaniva.com