У Столінскім раёне мужчына атрымаў траўмы, катаючыся на крузе за катэрам

Здарэнне адбылося на рацэ Прыпяць у Столінскім раёне, у выніку інцыдэнту пацярпеў жыхар сталіцы, паведамілі ва УСК па Брэсцкай вобласці.

09.07.2024 / 10:58

Па даных следства, днём 6 ліпеня 50-гадовы жыхар Мінскага раёна кіраваў маламерным суднам з падвесным рухавіком. Да катэра пры дапамозе троса быў прымацаваны плавальны круг, на якім знаходзіўся 48-гадовы мужчына.

Вадзіцель катэра не справіўся з кіраваннем і дапусціў перакульванне надзіманага круга. У выніку жыхару Мінска нанесены цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Папярэдне ўстаноўлена, што жыхар Мінскага раёна не меў права кіравання маторным маламерным суднам. Катэр жа не прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю, класіфікацыю і тэхнічны агляд.

Столінскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да жыхара Мінскага раёна распачата крымінальная справа па ч.2 арт.316 КК (парушэнне правілаў бяспекі руху або эксплуатацыі маламерных суднаў, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Nashaniva.com