Беларус прыляпіў да сябе скотчам кулі і гільзы і спрабаваў вярнуцца з Польшчы — мытнікі ўсё знайшлі

Яго паводзіны падаліся дзіўнымі.

09.07.2024 / 12:49

Фота: Мытны камітэт

Беларус спрабаваў завезці з Польшчы на радзіму 200 куль і 100 гільзаў. 49-гадовы мужчына праходзіў мытню ў пункце пропуску «Брэст» па зялёным калідоры, аднак нешта ў яго паводзінах насцярожыла мытнікаў. Яны адправілі беларуса на дадатковую праверку.

Як аказалася, на сабе мужчына вёз кулі і гільзы на пяць тысяч рублёў — ён прыматаў іх да ног скотчам, яшчэ частку схаваў у абутку.

Акрамя таго, мужчына не задэклараваў аптычны прыцэл, лазерны далямер, трыногу да яго, тактычныя джгуты. У выніку ўвесь тавар у беларуса канфіскуюць, пачаты адміністрацыйны працэс.

Партыю куль і гільзаў затрымалі таксама ў пункце пропуску «Казловічы». 55-гадовы беларус схаваў скрынкі з кулямі амерыканскай вытворчасці ў тэхналагічных нішах інструментальнай скрыні цягача свайго цягача Mercedes. Агульны кошт канфіскаванага тавару — больш за 7 тысяч рублёў.

Nashaniva.com