Памёр знакаміты польскі акцёр Ежы Штур

У акцёра былі і іншыя сурʼёзныя праблемы са здароўем — ён перанёс сардэчны прыступ, а таксама інсульт.

09.07.2024 / 14:11

Ежы Штур у 2018 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Акцёр, рэжысёр і сцэнарыст Ежы Штур (Jerzy Stuhr) памёр ва ўзросце 77 гадоў, паведамляе Польскае радыё.

Ежы Штур быў адным з самых рознабаковых польскіх артыстаў, здольных як на драматычны, так і ў камедыйны рэпертуар.

У тым ліку ён сыграў у фільме «Аматар» Кшыштафа Кеслеўскага або ролю Макса ў «Сэкс-місіі» Юліюша Махульскага.

На постсавецкай прасторы ён вядомы па ролі ў камедыі «Дэжавю» (1989, рэжысёр Юліюш Махульскі) пра тое, як у Адэсу 1920-х прыязджае чыгагскі ганстэр Джон Полак, які трапляе ў розныя недарэчныя і смешныя сітуацыі.

У 2012 годзе акцёр абвясціў, што перамог рак гартані, які ў яго выявілі годам раней. Пасля хваробы ён пачаў актыўна дапамагаць іншым анкалагічным хворым і ўдзельнічаць у сацыяльных кампаніях па прафілактыцы раку.

У акцёра былі і іншыя сурʼёзныя праблемы са здароўем — ён перанёс сардэчны прыступ, а таксама інсульт

«Ежы Штур быў адным з найвыбітнейшых польскіх актораў кіно і тэатру(…) Мы развітваемся з ім з вялікім жалем, але таксама з удзячнасцю за яго велізарны ўклад у польскую культуру» — напісала Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны на платформе X.

Nashaniva.com