Беларус, якога хацелі выслаць з Польшчы, выйграў суд у спецслужбаў

Паўлу Юшкевічу вярнулі ПМЖ, ён больш не пагроза бяспецы Польшчы, піша Hrodna.Life.

09.07.2024 / 15:58

Фото: Hrodna.Life

Ураджэнец Гродна Павел Юшкевіч жыве ў Польшчы з 17 гадоў, атрымаў некалькі адукацый, скончыў аспірантуру, выкладае ва ўніверсітэце ў Торуні. Ён атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне на падставе польскіх каранеў. Аднак у лістападзе 2023 года ягонае ПМЖ анулявалі, паколькі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) палічыла Паўла пагрозай для нацбяспекі Польшчы.

У студзені ABW загадала мужчыну пакінуць краіну да 4 лютага на падставе нейкага сакрэтнага заключэння 10-гадовай даўніны. Аднак Павел вырашыў змагацца за аднаўленне ПМЖ. Ён падаўся на міжнародную абарону і падаў у суд на рашэнне ўпраўлення па справах іншаземцаў.

Гісторыя выклікала рэзананс, пра кейс пісалі буйныя польскія СМІ, а беларусы арганізоўвалі акцыю ў падтрымку Паўла. І цяпер суд заняў бок Юшкевіча.

Справу разглядаў ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве. У судзе адвакат Паўла паведаміў пра беспрэцэдэнтны выпадак: ABW змяніла сваю пазіцыю. 

Павел і ягоны адвакат мяркуюць, што спецслужбы прызналі беларуса пагрозай таму, што ён не стаў перадаваць ім інфармацыю пра беларускіх студэнтаў і ягоных калег. Таксама прычынай можа быць удзел Паўла ў алімпіядзе па рускай мове ў Доме расійскай культуры — Юшкевіч быў студэнтам рускай філалогіі. Суд, які азнаёміўся з матэрыялам спецслужбаў, прыйшоў да высновы, што ён агульны і неканкрэтны.

Сам дакумент адвакат назваў «кляўзай», «пасквілем» і «хлуснёй». Працэс ён назваў барацьбой за добрае імя Паўла. 

У лютым 2024 года ABW адмовілася ад ранейшай пазіцыі і перастала лічыць Юшкевіча пагрозай нацбяспецыі. Павел лічыць, што гэта звязана з падтрымкай польскай і беларускай грамадскасці.

Лісты ў абарону Паўла адправіў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — ён расказаў, што ў Беларусі Паўлу пагражаюць рэпрэсіі. Гэтыя і падобныя лісты ў судзе не прынялі. Аднак да справы далучылі сведчанне, што Юшкевіча няма ў спісе непажаданых іншаземцаў у Польшчы.

У выніку суд адмяніў рашэнне ўпраўлення па справах іншаземцаў аб ануляванні пастаяннага дазволу на жыхарства. Цяпер Павел мае намер адклікаць заяву на міжнародную абарону, паколькі гэта ўжо неактуальна, і з'ездзіць у адпачынак паправіць здароўе, якое пахіснулася ад усіх перажыванняў.

Адвакат Паўла Міхал Хайдук меркаваў, што пасля змены рашэння спецслужбаў справа скончыцца пазітыўна для кліента. Калі б у ABW стаялі на сваім — рашэнне магло б быць іншым. Хоць у гэтым выпадку суд прызнаў, што інфармацыя ў засакрэчанай частцы даволі агульная.

«З самага пачатку гэтай справы мы былі ўпэўненыя, што Павел не ўяўляе пагрозы Польшчы. Патрэбна была проста магчымасць гэта даказаць», — сказаў Міхал.

Ён мяркуе, што ў ABW нячаста мяняюць сваё меркаванне, хоць адпаведнай статыстыкі ў яго няма. Ён пра такі выпадак не чуў.

Міхал мяркуе, што больш паспяховае завяршэнне справы Паўла можа стаць прэцэдэнтам для іншых.

Беларус Павел Юшкевіч знайшоў спосаб пазбегнуць дэпартацыі з Польшчы

«Справы вядуцца дзясяткамі». Адвакат-міжнароднік расказаў, чаму спецслужбы еўрапейскіх краін блакуюць грамадзянства беларусам

За беларуса Юшкевіча, якога хочуць дэпартаваць з Польшчы, заступіўся мясцовы ваявода

«Далі 30 дзён, каб сабраць рэчы». Беларуса могуць дэпартаваць з Польшчы пасля 21 года пражывання ў ёй

Беларусу пагражае дэпартацыя праз сакрэтнае заключэнне польскіх спецслужбаў

Nashaniva.com