Беларусь і Расія будуць абменьвацца звесткамі пра людзей, якія перасякаюць мяжу

Беларусь і Расія плануюць абменьвацца інфармацыяй пра людзей, якія перасякаюць мяжу адной з краін. Абмен інфармацыяй будуць рабіць МУС Беларусі і расійскае Міністэрства лічбавага развіцця праз сістэму міграцыйнага ўліку «Мир», піша РБК.

09.07.2024 / 17:30

Фота: Мінабароны

Праект падрыхтаваны ў рамках пагаднення паміж урадамі Расіі і Беларусі «Аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў».

Для гэтага плануецца забяспечыць міждзяржаўнае міжведамаснае інфармацыйна-тэлекамунікацыйнае ўзаемадзеянне, а таксама магчымасць вырабу, афармлення і кантролю абарачэння дакументаў, якія сведчаць асобу, праз сістэму «Мир». Выканаўцам прызначаны Растэлекам.

МУС атрымае доступ да звестак пра выдадзеныя і ануляваныя дазволы на ўезд і знаходжанне, а таксама перасячэнні межаў Расіі і Беларусі ў пунктах пропуску. Звесткі будуць перадавацца толькі па запыце, вольнага доступу да іх не будзе. 

У Расіі лічаць, што абмен інфармацыі праз сістэму «Мир» дазволіць паставіць заслон для людзей, якіх выслалі з Беларусі ці Расіі, але яны спрабуюць вярнуцца праз другую краіну.

Былы пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты анансаваў, што механізм абмену інфармацыяй можа запрацаваць да канца года.

Новы пасол атрымаў паўнамоцтвы віцэ-прэм'ера па адносінах з Расіяй і цяпер адказвае за гэта галавой

Пасол Дзмітрый Круты прапануе караць прадпрыемствы, якія недастаткова экспартуюць у Расію

ЕС пашырыў на Беларусь санкцыі, уведзеныя супраць Расіі

Nashaniva.com