Экспарт расійскай нафты абваліўся рэкордна з пачатку вайны
Вываз сырой нафты з Расіі ўпаў на 27% за тыдзень да 7 ліпеня. Такога значнага падзення яшчэ не было з тых часоў, як Уладзімір Пуцін пачаў уварванне ва Украіну, сведчаць звесткі агенцтва Bloomberg, якое адсочвае перамяшчэнне суднаў.
09.07.2024 / 19:27
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo, File
Сярэднесутачныя пастаўкі зменшыліся ў параўнанні з папярэднім тыднем на 1 млн барэляў — з 3,66 млн да 2,67 млн. Расія практычна не экспартавала менш за 3 млн барэляў у суткі з канца студзеня.
Дынаміка за апошнія чатыры тыдні, якая згладжвае валацільнасць перавозак, была менш ярка выяўленай: падзенне, якое склала 6% (з 3,48 млн да 3,27 млн), аказалася самым значным з лютага.
Тыднёвы экспарт упаў па ўсіх трох напрамках — Чарнаморскім, Балтыйскім, Ціхаакіянскім. Відавочных прычын для скарачэння няма, але сярод іх можа быць павелічэнне паставак нафтапрадуктаў у выніку росту вытворчасці на НПЗ (даныя за першыя дні ліпеня сведчаць, што яно аказалася максімальным са снежня). Частка заводаў завяршылі планавыя рамонта, а іншыя аднавілі выпуск пасля нападаў украінскіх беспілотнікаў.
«Раснафта» і «Лукойл» плануюць у гэтым месяцы скараціць вываз сырой нафты з Наварасійска агулам на 200 000 барэляў за дзень у параўнанні з чэрвеньскім экспартам, сведчаць разлікі Bloomberg.
Яшчэ адной прычынай могуць быць абмежаванні экспарту з мэтай выканання квоты, узгодненай у рамках АПЕК+.
Еўрасаюз разглядае магчымасць працягнуць кантракт з «Газпрамам» пасля 2024 года
Украінскія дроны ўдарылі па рэзервуарах з палівам у Азове. Узнік вялікі пажар
Беспілотнік атакаваў нафтабазу ў Валгаградскай вобласці Расіі