Краіны НАТА: Неба Украіны ў бліжэйшы час будзе абаронена

ЗША і саюзнікі па НАТА паставяць Украіне пяць дадатковых сістэм СПА.

10.07.2024 / 08:26

Разбураны расійскай атакай медыцынскі цэнтр у Кіеве. Фота: ДСНС / Telegram

На пачатку працы саміту альянсу лідары некалькіх краін-саюзніц зрабілі сумесную заяву аб выдзяленні зброі і тэхнікі для абароны Украіны ад расійскіх удараў з паветра, піша «Голас Амерыкі». 

Метадычныя ўдары Расіі па крытычна важных абʼектах Украіны і, асабліва, яе апошні жорсткі напад на грамадзянскія абʼекты, у тым ліку дзіцячую бальніцу, выклікалі неадкладную рэакцыю сярод лідараў краін-членаў Паўночнаатлантычнага альянсу. 

У першы дзень працы саміту НАТА з сумеснай заявай аб прадастаўленні дадатковых сістэм СПА Украіне выступілі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэмʼер-міністр Нідэрландаў Дзік Шуф, канцлер Германіі Олаф Шольц, прэмʼер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс. 

«Сёння мы абʼяўляем, — гаворыцца ў заяве, — што калектыўна дамо Украіне дадатковыя стратэгічныя сістэмы супрацьпаветранай абароны, у тым ліку дадатковыя батарэі Patriot, падораныя Злучанымі Штатамі, Германіяй і Румыніяй, кампаненты для Patriot, падораныя Нідэрландамі і іншымі партнёрамі для забеспячэння эксплуатацыі сістэмы; дадатковую батарэю Patriot і дадатковую сістэму SAMP-T, падораную Італіяй. Гэтыя пяць стратэгічных сістэм СПА дапамогуць абараніць украінскія гарады, мірнае насельніцтва і вайскоўцаў». 

Акрамя таго ў бліжэйшыя месяцы ЗША і партнёры маюць намер даць Украіне дзясяткі тактычных сістэм СПА, у тым ліку сістэмы NASAMS, HAWK, IRIS T-SLM, IRIS T-SLS і Gepard. 

Пры гэтым некалькі саюзнікаў, уключаючы Канаду, Нарвегію, Іспанію і Вялікабрытанію, прадоўжаць пастаўкі такіх жа сістэм, а многія іншыя прыхільнікі Украіны будуць дапамагаць у прадастаўленні перахопнікаў СПА. 

У сярэдзіне траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвʼю AFP заявіў, што ў краіны ёсць толькі чвэрць неабходных ёй сродкаў СПА.

Байдэн: Украіна можа спыніць і яна спыніць Пуціна

«Былі больш-менш нармальныя ўмовы». Украінскі амбудсмен расказаў пра стаўленне да зняволеных украінцаў у беларускіх турмах 

Удар па дзіцячай бальніцы ў Кіеве быў нанесены расійскай ракетай. Вось якія доказы

Nashaniva.com