На дальнабойшчыка завялі крыміналку за правоз манет гітлераўскай Германіі. Гэта палічылі прапагандай нацызму

10.07.2024 / 12:12

Фота: Мытны камітэт

Пры правядзенні мытнага кантролю фуры, што прыбыла з Літвы, мытнікі выявілі ў кабіне каля 60 срэбных манет рознай вартасці і 540 манет нацысцкай Германіі вартасцю дзве рэйхсмаркі 1937-1939 гадоў выпуску, паведамляе Мытны камітэт.

Перамяшчаў іх 30-гадовы кіроўца, грамадзянін Беларусі, які заявіў службовым асобам у пункце пропуску «Каменны Лог», што не мае тавараў, якія падлягаюць дэклараванню.

Кошт манет ацэнены ў 45 тысяч рублёў. Грамадзянін заплаціў каля 5 тысяч рублёў штрафу ў адпаведнасці з ч. 4 арт.15.5 КаАП.

Аднак, як паведамляе Мытны камітэт, у «сувязі са спробай перамяшчэння манет з выявай фашысцкай свастыкі ў дзеяннях кіроўцы ўгледжваюцца прыкметы злачынства па арт. 341-1 КК Рэспублікі Беларусь»прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі».

Матэрыялы справы перададзеныя ў Ашмянскі РАУС.

Nashaniva.com