У Гомелі анансавалі патрыятычную падсветку тэлевышкі. Выйдзе і багата, і дорага

Як анансаваў старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, да Дня горада на 198-метровай тэлевышцы з'явяцца «святлодыёдны медыяфасад і кіраваная падсветка», што дазволіць «у дні дзяржаўных святаў у вячэрні час дадаць нацыянальнага каларыту і падкрэсліць асаблівы гонар за краіну», піша «Флагшток».

10.07.2024 / 14:24

Старшыня гарвыканкама спаслаўся на тое, што нібыта ад жыхароў горада «паступілі прапановы арганізаваць святочную ілюмінацыю тэлевышкі». А таксама на вынікі апытання, «па выніках якога ідэя была падтрымана большасцю».

На самай справе за ілюмінацыю выказаліся менш за тысячу жыхароў паўмільённага горада.

Акрамя таго, Прывалаў прамаўчаў пра тое, у колькі гамяльчанам абыдзецца стварэнне «патрыятычнай» падсветкі, але згадаў, што падобны досвед маецца ў іншых гарадах і краінах. Сакрэтным застаецца і крыніца фінансавання — на дадзены момант сэрвісы дзяржзакупак не ўтрымліваюць тэндараў на закупку падсвятлення.

Верагодна, старшыня гарвыканкама Прывалаў убачыў такую ілюмінацыю ў адным з расійскіх гарадоў. У апошнія гады ў многіх абласных цэнтрах Расіі на тэлевышкі робіцца падсвятленне. Такая, да прыкладу, ёсць у суседнім Бранску. 

Ілюмінацыя выкарыстоўваецца для прапагандысцкіх мэтаў: з дапамогай дынамічнай падсветкі на расейскія вышкі выводзяцца сімвалы расійскай вайны ва Украіне, адзначаецца гадавіна акупацыі Крыма. 

Флагшток знайшоў публікацыі ў мясцовых расейскіх СМІ, прысвечаных падсветцы мачтаў, падобных на гомельскую, у Тамбове і Брацку — каб высветліць, колькі каштавалі працы, пакуль тэндар на падсвятленне ў Гомелі яшчэ не абвешчаны.

Тэлевышка ў Тамбове. Фота: Вольга Смыкава

На ілюмінацыю 180-метровай тэлевышкі ў Тамбове ў канцы 2022 года выдаткавалі з бюджэту амаль 23 млн расійскіх рублёў, што выклікала буру абурэння мясцовых жыхароў (383 тысячы даляраў паводле курсу на час устаноўкі).

Тэлевышка ў Брацку. Фота: Сяргея Сярэбраннікава

У Брацку падсвятленне рабілі пазней-летам 2023 года, і гэта каштавала ўжо 25 млн (каля 263 тыс.даляраў па курсе на той перыяд). Вышка ў Брацку-амаль такая ж па вышыні, як і ў Гомелі (196 метраў), яе ілюмінацыя складаецца з 8 280 святлодыёдных піксельных свяцілень і 44 пражэктараў.

Nashaniva.com