Першую лэдзі Нігерыі здзівіла ў Беларусі адна традыцыя — яна збіраецца прывезці яе на радзіму

Жонка прэзідэнта Нігерыі Алурэмі Цінубу, наведаўшы Беларусь, назвала беларускі народ самым прыязным. Але асабліва яе ўразіла адна традыцыя, якую яна збіраецца прывезці на радзіму, піша «СБ».

10.07.2024 / 15:25

 Алурэмі Цінубу і Наталля Качанава. Фота: «СБ»

«У Беларусі я даведалася, што ёсць традыцыя, калі мужчыны дораць жанчынам кветкі, і гэтую традыцыю я абавязкова прывязу ў сваю краіну. Калі я прыляцела ў Беларусь, мяне адразу сустрэў мужчына з букетам кветак, я была здзіўленая, і потым на розных сустрэчах мне таксама дарылі кветкі. 

Я вырашыла, што гэтую выдатную практыку трэба прывезці ў Нігерыю. Магчыма, і нашы мужчыны стануць больш прыязнымі», — адзначыла Цінубу. 

Акрамя таго, жонцы прэзідэнта Нігерыі спадабалася беларуская ежа, якую яна назвала здаровай, карыснай і арганічнай для цела.

Nashaniva.com