З-за чэргаў на мяжы аўтобусы Варшава-Мінск моцна спазняюцца з выездам

У тэлеграм-чатах, прысвечаных перасячэнню польска— беларускай мяжы, некалькі чалавек расказалі пра моцнае спазненне аўтобусаў, якія выконваюць рэйсы па маршруце Варшава-Мінск, заўважыла «Люстэрка». Затрымка выезду з польскай сталіцы ў сераду дасягае некалькіх гадзін, а перавозчыкі тлумачаць такую сітуацыю вялікімі чэргамі на мяжы.

10.07.2024 / 20:27

Чарга з аўтобусаў на выезд з Беларусі раніцай 10 ліпеня 2024 года. Фота: ДПК 

Аўтобус «Мінсктранса» (аўтапарк № 5) 10 ліпеня павінен быў выехаць з Варшавы ў Мінск у 12.00 паводле мясцовага часу, аднак і праз чатыры гадзіны пасажыры ўсё яшчэ чакалі пасадкі на аўтавакзале «Варшава-Заходня».

«Сядзім на аўтавакзале яшчэ, бо затрымліваюцца на мяжы сюды. Ніхто нават паведамленне не даслаў, што затрымка, сядзім і чакаем. Апавешчаныя ўжо па факце і то пасля мільёнаў званкоў перавозчыку», — напісала ў чаце адна беларуска ў 15.28, гэта значыць праз 3,3 гадзіны пасля прызначанага часу адпраўлення.

Жанчына таксама расказала, што

«ў 13.30 забралі тых, у каго квіткі былі на 07.00. Нас адмовіліся браць, сказаўшы, што наш аўтобус будзе ў 16.30».

У падобную сітуацыю трапілі і пасажыры аўтобуса Intercars.

«Павінны былі выехаць [з Варшавы] ў 08.45, перанеслі спачатку на 13.00, за дзесяць хвілін да выезду паведамілі аб пераносе на 16.00», — напісала карыстальніца, якая набыла квіток у гэтага перавозчыка.

«Візіт-тур» сёння даслаў паведамленне аб пераносе рэйса прыкладна на восем гадзін. На справе можа і пазней адправіцца з Варшавы, таму што гэты рэйс з Вроцлава ідзе», — паведаміў іншы беларус.

У некалькіх кампаніях, куды патэлефанавала журналістка «Люстэрка», дыспетчары патлумачылі, што выезд аўтобусаў з Варшавы ў Мінск затрымліваецца праз вялікія памежныя чэргі на ўезд у Польшчу, дзе яны праводзяць шмат часу. Акрамя таго, кіроўцы абавязаныя выконваць неабходную норму адпачынку перад тым, як адправіцца ў зваротны рэйс.

Аўтобусныя чэргі сталі як на выезд з Беларусі, так і на ўезд у краіну, расказалі ў Intercars.

«Па часе стаяць ад 15 гадзін», — адзначыла дыспетчарка.

На 20.00 10 ліпеня ў чарзе на выезд у Польшчу ў пункце пропуску «Брэст» стаялі 11 аўтобусаў, сведчаць даныя маніторынгу Дзяржпагранкамітэта. Аднак а шостай гадзіне раніцы іх было 41 — гэта пікавая колькасць, якая з тых часоў паступова зменшылася. Чаргі з легкавікоў, мяркуючы з гэтых жа звестак, няма.

У той жа час, паводле звестак маніторынгу падатковай адміністрацыі Польшчы, аўтобусы на польскім баку ў «Тарэспалі» практычна не прастойваюць, а сярэдні час перасячэння мяжы для легкавікоў складаў сем гадзін. 

Мытны камітэт паведаміў пра аднаўленне прыёму палякамі грузаў на мяжы з Беларуссю

Адныя ідуць у адпачынак, іншыя едуць у Балгарыю. Што робяць перавозчыкі з-за ўзмацнення праверак на мяжы з Польшчай

Мяжа для грузавікоў не закрытая, а рух запаволіўся з-за праверак паводле новых санкцый. Польскі бок даў тлумачэнні

Польшча перастала прапускаць грузавікі з Беларусі

Ноўтбук не прывязуць, а красоўкі — калі ласка. Ці можна замовіць тавары з Польшчы пасля абмежаванняў на вываз?

Nashaniva.com