Шматдзетнай маці далі 6 гадоў калоніі па 6 артыкулах. Сын-падлетак з інваліднасцю чакае яе на волі
Як і трое дарослых дачок.
12.07.2024 / 09:00
Надзея Лапцёнак. Фота з базы «Кіберпартызанаў»
Надзеі Лапцёнак (Ажгірэнка) 51 год. Згодна са звесткамі, якія здабыў праект DIT дзякуючы базам «Кіберпартызанаў», родам яна з буйной вёскі Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна.
Адтуль паходзіць шмат вядомых беларусаў, напрыклад, першы рэктар Беларускага політэхнічнага інстытута Міканор Ярашэвіч, якога ў 1930-я расстралялі бальшавікі, выбітны прафесар-беларусіст Аляксей Пяткевіч і першы старшыня КДБ Беларусі Эдуард Шыркоўскі.
Большую частку жыцця Надзея пражыла ў Мінску. Даволі рана пабралася шлюбам, у 19 гадоў нарадзіла першую дачку, а праз год другую.
Працавала на вельмі простых работах — памочніцай выхавальніцы ў дзіцячым садку, санітаркай у бальніцы і псіханеўралагічным інтэрнаце, у камбінаце «Вітамін», які корміць хворых, якія ляжаць у бальніцах. А ў 2004-м нарадзіла яшчэ адну дачку.
Трое дачок Надзеі ўжо дарослыя. Малодшы сын Надзеі 2010-га года нараджэння і, па звестках праваабаронцаў, мае інваліднасць.
Надзею судзілі ў снежні 2023-га. Яе абвінавачвалі ў «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 3 арт. 361) і «абразе суддзі» (арт. 369). Прысуд — шэсць гадоў калоніі.
Судзіў яе Сяргей Кацар, які лічыцца адным з самых жорсткіх палітычных суддзяў Беларусі. Ён працаваў па некалькіх дзясятках палітычных крымінальных справаў, па якіх прысудзіў дзясяткі, калі не сотні, гадоў зняволення (па многіх з іх прысуды невядомыя). І яшчэ большай колькасці адміністратыўных — толькі па вядомых ён прысудзіў каля 1500 сутак арыштаў і больш за 27 тысячаў рублёў штрафаў.
Сяргей Кацар з жонкай падчас паездкі ў Санкт-Пецярбург. Фота з сацсетак Кацара
У сакавіку 2024 прайшла апеляцыя і прысуд Надзеі ўступіў у сілу. Цяпер яна ў гомельскай жаночай калоніі.
Неўзабаве яе ўнеслі ў спісак «экстрэмістаў», а пасля і «тэрарыстаў».
Мы знайшлі спіс «тэрарыстаў» ад КДБ, які згубіўся на пяць месяцаў. Цяпер у ім амаль 450 беларусаў
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць