Памёр Вадзім Туманаў, адзін з найбліжэйшых сяброў Уладзіміра Высоцкага. Ён спрабаваў збегчы з ГУЛАГа восем разоў

Вадзім Туманаў нарадзіўся ў 1927 годзе ў Белай Царкве пад Кіевам, але хутка сям'я пераехала на Далёкі Усход.

11.07.2024 / 07:35

У Маскве на 97-м годзе жыцця памёр савецкі золатапрамысловец Вадзім Туманаў — адзін з найбліжэйшых сяброў паэта, барда і акцёра Уладзіміра Высоцкага. Апошнія гады Туманаў цяжка хварэў, піша Расійская служба Радыё Свабода

У 1948 годзе 21-гадовага Туманава, які вярнуўся з франтоў Другой сусветнай вайны, арыштавалі і прысудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі па ілжывым абвінавачванні ў шпіянажы і антысавецкай агітацыі. Ён адбываў зняволенне на Калыме, адкуль спрабаваў збегчы восем разоў.

Пасля смерці Сталіна, у 1956 годзе, Туманава вызвалілі, прызнаўшы невінаватым. Выйшаўшы на волю, ён заснаваў некалькі буйных арцеляў па здабычы золата, стаўшы, як пазней яго называлі, «першым легальным савецкім мільянерам».

Шырокай грамадскасці Туманаў быў вядомы дзякуючы сяброўству з Уладзімірам Высоцкім. Паэт і бард прысвяціў яму некалькі сваіх песень.

Вядома, што за некалькі тыдняў да смерці Высоцкага Туманаў ўгаварыў яго паляцець з ім у тайгу, каб там, удалечыні ад цывілізацыі, паспрабаваць вылечыць паэта ад нарказалежнасці.

У самы апошні момант Высоцкі адмовіўся ад гэтай паездкі і памёр у ліпені 1980 года.

Nashaniva.com