Украіна хоча правесці другі саміт міру з удзелам РФ да выбараў у ЗША

Украіна імкнецца правесці другі саміт міру да выбараў у ЗША ў лістападзе, на гэты раз з удзелам Расіі. Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта Bloomberg на ўмовах ананімнасці паведамілі адзін украінскі і некалькі заходніх чыноўнікаў.

11.07.2024 / 09:50

Першы саміт міру прайшоў у Швейцарыі 15-16 чэрвеня. Фота: AP Photo / Laurent Cipriani

Украінскі чыноўнік пацвердзіў агенцтву план правесці другі саміт да выбараў у Злучаных Штатах. 

У той жа час, адзначае Bloomberg, некалькі чыноўнікаў з заходніх краін-саюзнікаў заявілі, што любая сустрэча павінна быць старанна арганізавана, з дакладна вызначанай мэтай і «кантраляванымі чаканнямі». 

Зрэшты, некаторыя амерыканскія чыноўнікі не ўпэўненыя, што саміт з Украінай і РФ адбудзецца, указвае агенцтва. 

«Спробы арганізаваць сустрэчу напярэдадні выбараў у ЗША паказвае на адчуванне неадкладнасці з боку Украіны, паколькі яна сутыкаецца з перспектывай вяртання Дональда Трампа ў Белы дом», — гаворыцца ў матэрыяле.

Напярэдадні Зяленскі заявіў аб жаданні правесці другі саміт міру яшчэ сёлета і выказаў спадзяванне на падтрымку ЗША па гэтым пытанні. 

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заяўляў, што Кіеў настроены на тое, каб другі саміт міру прайшоў у адной з краін так званага Глабальнага Поўдня.

Зяленскі назваў умову міру з Расіяй

Трамп падчас дэбатаў з Байдэнам назваў непрымальнымі ўмовы Пуціна па спыненні вайны

Якіх вынікаў дасягнуў саміт міру

Nashaniva.com