У Беларусі збіраюцца забараніць вэйпы. Ужо рыхтуюць законапраект

Пытанне аб забароне вэйпаў разгледзелі ў Савеце Рэспублікі, і зараз плануюць распрацаваць адпаведны законапраект, паведамілі ў эфіры СТВ.

11.07.2024 / 10:14

 Фота: pixabay.com

Паводле слоў члена Савета Рэспублікі і галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра Віктара Кандратовіча, задачу ўжо паставіла Наталля Качанава. 

«На апошняй сесіі Савета Рэспублікі гэтае пытанне разглядалася. Пастаўлена задача старшынёй Савета Рэспублікі аб тым, каб прапрацаваць гэта пытанне і вынесці законапраект аб забароне вэйпаў у нашай краіне», — сказаў ён. 

Паводле яго слоў, апроч сардэчна-сасудзістых захворванняў, якія могуць выклікацца ў тым ліку выкарыстаннем вэйпа, ёсць анкалагічныя захворванні. Таму што ёсць вэйпы, хоць з нікатынам, хоць без нікатыну, у любым выпадку змяшчаюць шмат фармальдэгідаў, якія выклікаюць у тым ліку анкалагічныя захворванні. 

«Пухліны галавы, шыі, паражніны рота, глоткі ў мужчын стаяць на пятым месцы. Асноўныя курцы — гэта мужчыны. Я хачу сказаць, што хворыя пухлінай паражніны рота і глоткі — на працягу года памірае 30% з хворых», — дадаў спецыяліст.

Nashaniva.com