Абсалютная большасць палякаў падтрымлівае закрыццё чыгуначных зносін з Беларуссю

Апытанне правялі 5-7 ліпеня.

11.07.2024 / 11:26

Абсалютная большасць палякаў падтрымлівае закрыццё чыгуначнага пункта пропуску на мяжы з Беларуссю. Даследаванне IBRiS паказаў, што за прыняцце такой меры выступаюць 71,8 працэнта ўдзельнікаў апытання.

13,2% рэспандэнтаў выступілі супраць, яшчэ 15,1% не вызначыліся, піша wydarzenia.interia.pl са спасылкай на Rzeczpospolita.

Закрыццё чыгуначнага пераходу з Беларуссю падтрымалі ў першую чаргу мужчыны (74 працэнты), людзі ва ўзросце 50 гадоў (95 працэнтаў), жыхары сярэдніх гарадоў (83 працэнты) і людзі з самым нізкім узроўнем адукацыі (77 працэнтаў).

Апытанне IBRiS стала рэакцыяй на заявы польскіх уладаў аб магчымасці поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў якасці рэакцыі на крызіс з мігрантамі. Акрамя таго, мэта такога ціску на рэжым Лукашэнкі — вызваленне палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута. 

Напярэдадні на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ў чарговы раз адзначыў, што польскі ўрад сур'ёзна разглядае варыянт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю для грузаў.

Nashaniva.com