Дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі: Беларускі рэжым мае намер выкрадаць грамадзян Літвы 

«Сітуацыя нам вядомая, і яна выклікае занепакоенасць», — кажа Дарус Яўнішкіс.

11.07.2024 / 11:24

Фота з фэйсбука Даруса Яўнішкіса

Як сцвярджае дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Дарус Яўнішкіс, беларускі рэжым мае намер выкрадаць літоўскіх грамадзян, паведамляе delfi.lt са спасылкай на партал 15min.lt.

«Сітуацыя нам вядомая, і яна выклікае занепакоенасць. Я яе ўспрымаю так, што беларускі рэжым перайшоў да выкрадання літоўскіх грамадзян без усялякай нагоды», — заявіў Д.Яўнішкіс.

У мінулым месяцы СМІ паведамілі пра тое, што Мінскі гарадскі суд прызнаў грамадзянку Літвы Елену Раманаўскене вінаватай у шпіянажы і прысудзіў яе да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Улічваючы такія дзеянні, кіраўнік ДДБ заклікае жыхароў адмовіцца ад паездак у Беларусь, каб пазбегнуць падобных сітуацый.

«Хачу перасцерагчы нашых грамадзян, у якіх яшчэ ёсць жаданне ездзіць у Беларусь па больш танныя тавары або бензін — гэты выпадак сур'ёзна сведчыць аб тым, што беларускі рэжым мае намер выкрадаць літоўскіх грамадзян. Мяркуючы па ўсім, з боку ўладаў Літвы таксама будуць пэўныя захады і адказы», — сказаў ён.

«(…) Яны выкрадаюць грамадзян, фабрыкуюць доказы, на іх падставе асуджаюць і саджаюць у турму. Гэта вельмі трывожныя тэндэнцыі. Звяртаю ўвагу грамадскасці — сур'ёзна падумайце, перш чым ехаць у той бок, таму што вы можаце апынуцца на месцы той грамадзянкі», — адзначыў Д.Яўнішкіс.

Беларускае абвіначванне сцвярджала, што Е.Раманаўскене, якая працавала начальнікам службы маркетынгу санаторыі «Беларусь» у Друскеніках, была завербаваная Дэпартаментам дзяржбяспекі Літвы больш за 10 гадоў таму.

Раней, да дзевяці гадоў пазбаўлення волі за дзяржаўную здраду быў прысуджаны былы галоўны ўрач санаторыя «Беларусь» Андрэй Кобель па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам дзяржбяспекі Літвы.

Nashaniva.com