Лідская абутковая фабрыка выйшла з банкруцтва. Ці выпускаюць там легендарныя красоўкі, што сталі мемам?

З 2016 года Лідская абутковая фабрыка была ў стадыі фінансавага аздараўлення. Сёлета прадпрыемства выйшла з банкруцтва: дапамагла рэструктурызацыя, піша газета «Рэспубліка» са спасылкай на дырэктара прадпрыемства Тамару Ігнатовіч.

11.07.2024 / 12:58

Фота: Holiday.by

У 2023 годзе вытворчая магутнасць фабрыкі склала 265 тыс. пар абутку, у гэтым у планах — 286 тыс. пар.

У Лідзе выпускаюць больш за 100 мадэляў абутку. Гэта красоўкі, чаравікі і паўчаравікі, валёнкі, дэмісезонныя дуцішы, тэпці.

Таксама тут вырабляюць спецабутак для «Беларуськалія», «Нафтан», «Гродна Азота», «Гроднажылбуда», Мінскага метрапалітэна, БМЗ, ММЗ, МТЗ, кандытарскай фабрыкі «Чырвоны харчавік» і іншых прадпрыемстваў.

У 2023 годзе Агенцтва па кіраванні актывамі выкупіла даўгі Лідскай абутковай фабрыкі. Гэта крэдыты, выдадзеныя ў 2012-2015 гадах з датамі канчатковага пагашэння абавязацельстваў у 2015-2018-м. Сума запазычанасці была больш за 2,4 млн рублёў.

Nashaniva.com