Беларусаў замежжа абавяжуць паведамляць пра шлюб і нараджэнне дзяцей. А якое пакаранне тым, хто праігнаруе?

Днямі Лукашэнка падпісаў папраўкі ў законы па рэгуляванні шлюбных і сямейных адносін. З яго вынікае, што беларусаў замежжа абавяжуць паведамляць дзяржаве аб рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнні дзяцей за мяжой.

11.07.2024 / 17:58

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Iimages/Karl Tapales

Дзяржава хоча ведаць пра цябе ўсё

Згодна са зменамі ў заканадаўстве, у беларусаў з'явіцца абавязак паведамляць у кампетэнтныя органы звесткі аб рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнні дзяцей за мяжой.

Зрабіць гэта трэба будзе не пазней за 6 месяцаў з моманту рэгістрацыі акта грамадзянскага стану. 

«Парадак прадстаўлення грамадзянамі, уліку і апрацоўкі названых звестак органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, вызначаецца ўрадам Беларусі», — гаворыцца ў законе.

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу 1 студзеня 2025 года. Інфармацыі пра тое, што чакае беларусаў, якія праігнаруюць новыя патрабаванні, няма.

У той жа час ураду пастаўлена задача да 1 студзеня 2025 года забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым законам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі. 

Ці з'явіцца адказнасць за ігнараванне патрабаванняў?

Пакуль незразумела. Сітуацыя падобная да той, што склалася з абавязкам падаваць звесткі пра наяўнасць другога грамадзянства, ДНЖ, карты паляка і іншых дакументаў, якія даюць права на ільготы ў замежных дяржавах.

Патрабаванне ёсць, а вось адказнасці за невыкананне гэтых патрабаванняў — няма.

Сілавікі анансавалі, што з цягам часу пралабіруюць змены ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, каб складаць пратаколы на тых, хто не паведаміў, напрыклад, пра сваю карту паляка. Аднак пакуль пакаранне так і не прыдумалі.

***

Цалкам азнаёміцца з усімі зменамі можна па спасылцы.

Nashaniva.com