З пачатку года 36 чалавек зніклі ў лясах падчас збору грыбоў і ягад. Міліцэйскі чыноўнік ведае, хто вінаваты
У 2024 годзе ўжо 36 беларусаў згубіліся ў лясах, пошукі дзевяці чалавек усё яшчэ працягваюцца. Пра гэта 11 ліпеня расказаў начальнік аддзела арганізацыі вышуковай працы галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі Дзмітрый Крукаў.
11.07.2024 / 20:00
«Мы вядзем статыстыку людзей, якія зніклі падчас збору дзікаросаў у лясных масівах. За апошняе дзесяцігоддзе гэта было ад 120 да 420 чалавек у год. На 10 ліпеня 2023 года было зарэгістравана 15 такіх выпадкаў, з іх дваіх мы не змаглі знайсці. У гэтым годзе на аналагічную дату ў нас ужо 36 зніклых. На жаль, пошукі дзевяці чалавек працягваюцца», — паведаміў міліцэйскі чыноўнік.
Пры гэтым ён арыгінальна знайшоў вінаватых у такой сітуацыі. Маўляў, каб людзі не хваліліся назбіранымі грыбамі і ягадамі ў сацсетках і на форумах — то і хадзіла б у лес, а адпаведна прападала б, людзей менш.
«Шчаслівыя грыбнікі публікуюць фатаграфіі невядома якога года, выхваляючыся небывалымі ўраджаямі. Усё гэта падагравае масавы інтарэс. І ніхто не адмяняў вечнае сарафаннае радыё: хтосьці ўдала схадзіў у лес, расказаў у вёсцы — і пенсіянеры туды пайшлі», — сказаў Дзмітрый Крукаў.
У зоне рызыкі, паводле яго, знаходзяцца пажылыя грамадзяне, асабліва старэйшыя за 70 гадоў, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Менавіта таму, маўляў, любяць ісці ў лес у грыбы і ягады, нікому пра гэта не сказаўшы. А таму Крукаў раіць іх рэгулярна наведваць і паставіць кожны крок пад жорсткі кантроль:
«Вы выдатна разумееце, што яны не змогуць сядзець і глядзець у акно — усё адно сарвуцца. Прагуляйцеся з імі па лесе і назбірайце грыбоў, каб гэта было пад вашым кантролем».
Навукоўцы спрагназавалі, які сёлета будзе ўраджай грыбоў і ягад
Аказваецца, збіраючы грыбы, можна нарвацца на штраф. Чаго рабіць нельга?
«За раз сабраў 500 грыбоў!» Беларус навучыўся беспамылкова вызначаць суперураджайныя паляны
Грыбнік назбіраў на Міншчыне зайздросную паляну баравікоў і падасінавікаў