«Авіякампанія аплаціла адпачынак». Беларускі расказалі, як лёгка і проста дабіліся кампенсацыі за затрымку рэйса

У канцы чэрвеня сяброўкі Настасся і Ксенія вырашылі зладзіць сабе невялікі адпачынак — злётаць у Будапешт. Купілі квіткі на рэйс авіякампаніі Wizz Air з Варшавы, забраніравалі гатэль. Вылет быў запланаваны на 8.10 раніцы, але ў выніку рэйс затрымалі на шэсць гадзін. Гісторыя пачыналася не вельмі добра, але ў выніку дзяўчаты засталіся задаволеныя: увесь кошт паездкі пакрыў авіяперавозчык. Як атрымаць кампенсацыю за затрымку і не пазбавіцца значнай часткі выплаты, Ксенія расказала выданню Most.

11.07.2024 / 23:42

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images

Першае паведамленне пра затрымку рэйса дзяўчаты атрымалі ноччу напярэдадні паездкі — час вылету ссунулі на 13.25. Сяброўкі жывуць у Варшаве, таму вялікіх нязручнасцяў гэтая навіна не выклікала — вырашылі пазней выехаць у аэрапорт.

Раніцай прыйшло яшчэ адно паведамленне: вылет перанеслі ўжо на 14.05.

Талоны на харчаванне

Дзяўчаты прайшлі электронную рэгістрацыю і да 11-й раніцы прыехалі ў аэрапорт. Да таго моманту яны ўжо ведалі, што, паколькі рэйс перанеслі больш чым на дзве гадзіны, ім належаць талоны на харчаванне. Пайшлі даведвацца, як іх атрымаць.

Талоны выдавалі супрацоўнікі, якія абслугоўваюць рэйс. І тут Ксенія звяртае ўвагу пасажыраў, якія могуць апынуцца ў падобнай сітуацыі: талоны на харчаванне выдавалі не па змоўчанні, а па просьбе пасажыра. Дзяўчаты атрымалі два ваўчары на 51 злоты кожны.

Кампенсацыя за затрымку

«За 30-40 хвілін да пачатку пасадкі да нас падышоў малады чалавек. Не прадставіўся. Сказаў, што збірае даныя пасажыраў, каб падацца на кампенсацыю. Мы без асаблівых пытанняў далі яму нумары тэлефонаў. Малады чалавек сказаў, што нам прыйдзе паведамленне са спасылкай, па якой трэба будзе перайсці і нешта запоўніць», — расказвае Ксенія.

Так сяброўкі даведаліся, што ім належыць кампенсацыя. Згодна з Рэгламентам ЕС 261/2004, пасажыры маюць права на кампенсацыю ў выпадку затрымкі рэйса не менш чым на тры гадзіны (спазненне лічыцца па часе прыбыцця ў пункт прызначэння).

Памер кампенсацыі залежыць ад адлегласці палёту:

Рэйс з Варшавы ў Будапешт — кароткі, таму пасажыры маглі прэтэндаваць на кампенсацыю ў памеры 250 еўра.

Паслугі пасярэдніка не бясплатныя

Калі дзяўчаты вярнуліся з адпачынку, убачылі, што ім сапраўды выслалі інфармацыю пра кампенсацыі і спасылку для запаўнення формы. Але прайшоўшы па ёй, звярнулі ўвагу, што даслала яе агенцтва.

Азнаёміўшыся з рэгламентам пасярэдніка, яны даведаліся, што, калі авіякампанія прыме рашэнне аб выплаце кампенсацыі, агенцтву дастанецца 25% сродкаў. Акрамя таго, 50 еўра складзе адміністрацыйны збор за перадачу права на прэтэнзію — гэта трэба, калі пасажыр падае заяўку на выплату сродкаў не сам, а праз іншую асобу.

Дзяўчаты вырашылі, што справяцца з падачай заявы на кампенсацыю самі. Не з першай спробы, але ўсё ж знайшлі на сайце авіякампаніі форму і запоўнілі яе кожная за сябе (каб не губляць 50 еўра за перадачу права на прэтэнзію). Зрабіць гэта аказалася нескладана.

«Цягам дня было вынесена станоўчае рашэнне аб кампенсацыі. Гэта было ў сераду. А ў пятніцу 250 еўра ўжо прыйшлі на рахунак у эквіваленце ў злотых», — расказвае Ксенія. Аналагічную кампенсацыю атрымала і Настасся.

Улічваючы, што квіткі каштавалі 126 еўра, а жыллё браніравалася толькі на дзве ночы, сродкі цалкам пакрылі выдаткі дзяўчат на паездку.

«Авіякампанія аплаціла нам адпачынак», — рэзюмуе Ксенія.

Як самастойна спланаваць авіяпадарожжа і не прагадаць? Беларусы падзяліліся лайфхакамі

Розніца — да 2000 рублёў. Параўноўваем цэны на пералёты з Мінска і суседніх сталіц

«Палёты ў Еўропу — гэта была такая асалода». Былая сцюардэса «Белавія» расказала пра ўнутраную кухню авіякампаніі-манапаліста

Nashaniva.com