Amnesty International заклікала вызваліць Алеся Бяляцкага

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаны на 10 гадоў зняволення, знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 года, нагадвае «Вясна»

12.07.2024 / 09:40

На фоне паведамленняў аб пагаршэнні здароўя палітзняволенага Алеся Бяляцкага Мэры Струзэрс, дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, сказала:

«Рыхтуючыся адзначыць тры гады з дня затрымання Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя іх здароўем. Мы яшчэ раз патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і настойліва просім даць ім неадкладны доступ да адэкватнай медыцынскай дапамогі, іхных адвакатаў і сваякоў».

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках. У лістападзе 2023 году Алеся Бяляцкага на паўгода змяшчалі ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу, якім караюць за парушэнне парадкаў у калоніі. Ёсць звесткі, што Алесь Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў і што ніводнага разу ў палітвязня не было відэазванкоў са сваякамі. Таксама стала вядома, што адміністрацыя калоніі адмаўлялася прыняць пасылкі з медыкаментамі ад сваякоў Бяляцкага. Такім чынам яна паставіла пад пагрозу стан здароўя палітвязня, на які ўжо паўплывала папярэдняе палітычна матываванае зняволенне, адзначае Amnesty International.

«Працяглае затрыманне Алеся і яго калегаў — ня што іншае, як абуральнае злоўжыванне сістэмай крымінальнага правасуддзя, накіраванае на задушэнне іншадумства і прыгнечанне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве Amnesty International.

Nashaniva.com