Учора на Беларусь заляцеў расійскі шахед. Што гэта было?

Учора ўвечары адзін з беспілотных лятальных апаратаў (дрон-камікадзэ тыпу «шахед»), запушчаны РФ падчас чарговай атакі па Украіне, заляцеў у Беларусь і знаходзіўся ў паветранай прасторы нашай краіны мінімум адну гадзіну.

12.07.2024 / 11:59

Адным з першых аб заходзе расійскага шахеда ў Беларусь паведаміў канал Інсайдэр UA у 20:27, у 20:44 гэтую інфармацыю пацвердзіў і маніторынгавы канал monitor.

Вядома, што БПЛА зайшоў у Беларусь з Чарнігаўскай вобласці Украіны ў раёне Лоева і ўзяў курс на паўночны захад (у напрамку Мазыра). Аднак ёсць яшчэ адзін важны аспект, звяртае ўвагу «Беларускі Гаюн».

На момант паступлення першай інфармацыі аб заходзе БПЛА ў Беларусь над Гомельшчынай ужо больш за гадзіну знаходзіўся верталёт Мі-24 ВПС РБ, які вылецеў у Гомельскі раён з аэрадрома Мачулішчы ў раёне 19:00, і знішчальнік з Баранавічаў, які вылецеў яшчэ раней — каля 18:30.

Пра што гэта можа сведчыць?

Як мінімум пра тое, што сілы супрацьпаветранай абароны зафіксавалі заход шахеда ў Беларусь задоўга да таго, як інфармацыя пра гэта з'явілася ў тг-каналах, і сам шахед зайшоў раней — у раёне 19:00. Больш за тое, ужо на момант паступлення першых публічных паведамленняў знішчальнік ВПС РБ зляцеў з Гомельскага раёна, а праз некаторы час сышоў у Мачулішчы і верталёт ВПС РБ.

Не выключана, што войскі РБ былі ў курсе будучых манеўраў і кантралявалі паветраную прастору над тэрыторыяй Беларусі на выпадак няпланавых паводзінаў аднаго з шахедаў.

Па даных Беларускага Гаюна, маршрут шахеда над Беларуссю быў наступны: заход у раёне Лоеў — рух на Мазыр — паварот у раён Хойнікаў — выхад з Беларусі ў раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Падчас атакі на Украіну ў Беларусь заляцеў расійскі дрон-шахед

Nashaniva.com