Бондарава назвала Дзерманта «патлатым хлопчыкам», які «праявіў свой латэнтны гомасэксуалізм»
Пікантнасць у тым, што Дзермант і Бондарава члены адной партыі — Камуністычнай.
12.07.2024 / 12:28
Аляксей Дзермант выступае ў Буда-Кашалёве 11 ліпеня. Фота з ТГ-канала «Кампартыя Беларусі»
Канфлікт паміж рупарамі розных груповак лукашыстаў не сціхае.
Два дні таму прапагандыст Рыгор Азаронак абвінаваціў частку паплечнікаў у працы на заходнія разведкі — указаў ён толькі на Цімура Прахіна, але намёк быў і на Эльвіру Мірсалімаву і шырэй.
Яго словы падхапіў прапагандыст са стажам Аляксей Дзермант, які вядомы сваім уменнем вагацца ў адпаведнасці з генеральнай лініяй. «Мае рацыю Рыгор Юр'евіч, — напісаў Дзермант. — За крыкамі істэроідных жанчын праглядаецца цалкам рацыянальны план». «І тройцу зноў жа падбіраюць спецыяльна: шматдзетная маці, мастачка, адмарожаная студэнтка» — празрысты намёк на Эльвіру Мірсалімаву, Святлану Жыгімонт і Вольгу Бондараву.
Вольга Бондарава такой характарыстыкі не пацярпела і нанесла ўдар у адказ.
«У псіхушцы стабільна, — піша Бондарава. — Вялікі скіф учора «раскрыў» «змову» аб «падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту». Нават «удзельнікаў» пазначыў — «шматдзетную маці», «мастачку» і «адмарожаную студэнтку». Праўда, мабыць, з прыроджанай баязлівасці пабаяўся назваць імёны «выкрытых», — піша актывістка. — Можа, гэта ўсё ёсць не што іншае як трызненне сівой кабылы, якая кідаецца паміж бчб-нацыяналізмам, еўразійствам, ліцсвінізмам, скіфафільствам і камунізмам?»
Акрамя таго, Бондарава выстаўляе супраць Дзерманта абвінавачванні ў прыналежнасці да гомасексуальнага лобі.
«Па-мойму, … вялікаўзроставы патлаты хлопчык, асабіста закрануты рашучай атакай … на ЛГБТ-прапагандыстаў і разбэшчвальнікаў дзяцей, проста праявіў свой латэнтны гомасэксуалізм, які старанна прыхоўвае ў дзяржаве з традыцыйнымі каштоўнасцямі».
Пікантнасці сітуацыі надае той факт, што Дзермант і Бондарава члены адной партыі — Камуністычнай.
Дзерманту, разам з групай іншых прапагандыстаў таго ж пакалення — Шпакоўскім, Пятроўскім, — пуцёўку ў жыццё ў пачатку 2010-х даў кіраўнік Цэнтра грамадскіх сувязяў КДБ Базанаў.
Бондараву ж, якая да таго зарабляла на дробным памежным гандлі і нідзе не працавала, вывелі на арэну пасля 2020-га, яе публічныя даносы актыўна падхопліваў ГУБАЗіК.
Абое яны на гэтым этапе распаўсюджваюць ідэі фашысцкага і чарнасоценнага толку, усхваляюць Аляксандра Лукашэнку і створаны ім рэжым і заклікаюць узмацніць палітычныя рэпрэсіі.
Пры гэтым дзейнасць абаіх фінансуе беларуская адміністрацыя.
Бондараву працаўладкавалі ў газеце Кампартыі, былому лідару якой даверылі святая святых — пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама. А Дзермант акармляецца ў якасці прапагандыста, праводзіць палітінфармацыі і выступае ў СМІ.